17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аляксандр Лукашэнка як Прэзідэнт Беларусі і саюзнік Расіі прайшоў вельмі цяжкі шлях і вельмі многае зрабіў для будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Такі пункт гледжання ў праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА выказаў эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандр Цішчанка.
Раней у Крамлі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Расійскай Федэрацыі - ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага. Ордэн беларускаму лідару ўручыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
"Гэты ордэн я назваў бы баявым. Аляксандр Рыгоравіч як Прэзідэнт Беларусі і саюзнік Расіі прайшоў вельмі цяжкі шлях. Я сказаў бы, ён адзін з заснавальнікаў Саюзнай дзяржавы. Можна сказаць, што гэта ордэн і за асабістую мужнасць. Калі б не асабістая мужнасць кіраўніка дзяржавы, то Беларусь магла б стаць цяперашняй Украінай. Ён вельмі шмат зрабіў, каб мы не скаціліся ў гэту яму. Якія б ні ўзнікалі пытанні ці нюансы, ён заўсёды гаварыў, што ад Расіі адварочвацца нельга", - сказаў Аляксандр Цішчанка.
Эксперт адзначыў: нягледзячы на тыя ці іншыя рознагалоссі, Беларусь і Расія разумелі, што незаменныя адна для адной. І Саюзную дзяржаву ўдалося пабудаваць нягледзячы на тое, што асобныя прадстаўнікі расійскай эліты ў дзевяностыя былі скептычна ці нават негатыўна настроены ў адносінах да маладога беларускага лідара.
"Тут трэба ўспомніць, з чаго зляпілі гэтыя эліты і на чыіх фондах яны раслі. Зразумела, яны былі незадаволены, што Лукашэнка не прадаваў зямлю або прадпрыемствы, не даваў магчымасці банкруціць беларускіх канкурэнтаў расійскіх прадпрыемстваў, - падкрэсліў Аляксандр Цішчанка. - І ён ведаў, разумеў, што настане час - і Расія ўспомніць, што мы не канкурэнты, а частка вялікай агульнай справы, якая была задумана і выбудавана Савецкім Саюзам".
Такім чынам, упэўнены эксперт, гэта высокая ўзнагарода цалкам адпавядае заслугам Прэзідэнта Беларусі. "Я нават сказаў бы, што яна крыху спазнілася. Але лепш позна, чым ніколі", - дадаў ён.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.