Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ганароваму віцэ-консулу Патрыку Дурсу сцяг і герб Беларусі. Дыпламат будзе весці сваю дзейнасць у консульскай акрузе, якая ўключае ў сябе дэпартамент Атлантычныя Пірэнеі рэгіёна Новая Аквітанія.
Павел Латушка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці ўзаемавыгадных адносін з Францыяй. Ён адзначыў прыярытэтнасць міжрэгіянальнага беларуска-французскага супрацоўніцтва, якому ў значнай меры садзейнічае дзейнасць ганаровых консульстваў дзвюх краін.
На цырымоніі прысутнічалі кіраўніцтва мэрыі, дэпутаты Нацыянальнай асамблеі Францыі і гарадскога савета, прадстаўнікі мясцовых улад, дзелавых колаў, консульскага корпуса Біярыца, а таксама беларускай дыяспары. У час мерапрыемства прайшла прэзентацыя эканамічных магчымасцей беларуска-французскага супрацоўніцтва і турыстычнага патэнцыялу Беларусі.