13 студзеня, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. Чарговае пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы можа адбыцца ў лютым, паведаміў журналістам у Баранавічах прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Думаю, што мы ў бліжэйшы час са старшынёй урада Расіі вызначым дату. Па прапанове Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў лютым, бліжэй да сярэдзіны месяца, думаю", - сказаў Раман Галоўчанка. Чакаецца, што пасяджэнне пройдзе ў Расійскай Федэрацыі.
Паводле яго слоў, на абмеркаванне будуць вынесены ўсе пытанні бягучага ўзаемадзеяння, у тым ліку і тыя, якія абмяркоўваліся ў снежні ў ходзе сустрэчы двух прэзідэнтаў. "Па выніках дадзены канкрэтныя даручэнні, мы склалі матрыцу выканання дамоўленасцей абодвума бакамі. Цяпер службовыя асобы дзяржаўных органаў працуюць ужо над імі. Таму перш за ўсё, напэўна, падвядзём вынікі на саюзным Саўміне - якім чынам адпрацаваны даручэнні прэзідэнтаў, вынікі рэалізацыі першага этапу саюзных праграм. Вычленім тыя пытанні, якія яшчэ не знайшлі сваго вырашэння і, вядома, абмяркуем, як будзем працаваць і над чым у бягучым годзе", - канкрэтызаваў прэм'ер-міністр.
Пры гэтым ён адзначыў, што работа з расійскімі калегамі ідзе пастаянна на ўсіх узроўнях - паміж міністэрствамі, членамі і кіраўнікамі ўрадаў. "Сустрэчы ідуць пастаянна, гэта значыць расійскія дэлегацыі знаходзяцца ў Беларусі, беларускія - у Расіі. Вось на наступным тыдні міністэрствы фінансаў будуць працаваць у Расійскай Федэрацыі. Таму ўсё, што датычыцца бягучых пытанняў, яны ў рэжыме анлайн абмяркоўваюць", - дапоўніў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік урада 13 студзеня наведаў Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне. Ён пабываў у вытворчым корпусе БВБА, дзе азнаёміўся з тэхналагічным працэсам прамысловай вытворчасці баваўняных тканін. З удзелам прэм'ер-міністра адбылася нарада, на якой абмяркоўваліся вынікі работы БВБА ў 2022 годзе і рэалізацыя стратэгіі развіцця аб'яднання да 2028 года. У нарадзе прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна.