24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка наведае з рабочым візітам Санкт-Пецярбург 24-25 кастрычніка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"На пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга трэба будзе комплексна абмеркаваць стан двухбаковага ўзаемадзеяння, што рэалізавана з ранейшых дамоўленасцей, якія перспектывы. Наш інтарэс зразумелы - далейшае развіццё ўзаемадзеяння па пастаўках тэхнікі для жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада, для транспартнага сектара. У нас ёсць праекты ў медыцыне, фармацэўтыцы, навуцы, адукацыі. Санкт-Пецярбург з'яўляецца адным з ключавых партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў Расіі і займае 4-е месца па экспарце, таму не будзем абмяжоўвацца пытаннямі парадку дня Савета дзелавога супрацоўніцтва і выкарыстаем магчымасць для прадметнай адпрацоўкі ўсіх магчымасцей пашырэння супрацоўніцтва. Мы павінны прывезці канкрэтныя праекты, дамоўленасці і напрацоўкі", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Сёння ўрадавая дэлегацыя накіруецца з рабочым візітам у Паўночную сталіцу Расіі.
Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, у ходзе візіту Раман Галоўчанка сустрэнецца з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым і прыме ўдзел у пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга. Таксама чакаецца, што прэм'ер-міністр Беларусі наведае Пецярбургскі трактарны завод. Акрамя таго, кіраўнік беларускага ўрада пабывае на кірмашы беларускіх тавараў у Санкт-Пецярбургу, паглядзіць пляцоўку з беларускай тэхнікай.
Таксама запланавана ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да манумента гераічным абаронцам Ленінграда, наведванне экспазіцыі "Гісторыя абароны і блакады Ленінграда".