31 ліпеня, Бярозаўка /Кар. БЕЛТА/. Дабрабыт такіх гарадоў, як Бярозаўка, залежыць ад эканамічнага здароўя горадаўтваральных прадпрыемстваў. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час наведвання ААТ "Шклозавод "Нёман", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэм'ер-міністр у час рабочай паездкі ў Лідскі раён азнаёміўся з работай прадпрыемства, яго эканамічным становішчам. "Нядзіўна, што заводу ўдзяляецца павышаная ўвага: мы стараемся глядзець за развіццём усёй краіны. Здароўе і дабрабыт такога горада, як Бярозаўка, залежыць ад эканамічнага здароўя прадпрыемства. Калі тут будзе работа, збыт, зарплата, значыць, будзе жыць і горад", - сказаў Раман Галоўчанка. Ён адзначыў, што ў гісторыі завода былі розныя перыяды. На развіццё прыцягваліся крэдытныя рэсурсы для мадэрнізацыі, аднак не заўсёды рашэнні, якія прымалі на шклозаводзе, былі эфектыўнымі, у нейкі момант груз даўгоў стаў непад'ёмным.
"У звычайнай сітуацыі вынік мог быць адным - санацыя і банкруцтва. Але важна захаваць прадпрыемства, калектыў. Таму кіраўніцтва краіны вясной прыняло беспрэцэдэнтныя меры падтрымкі: можна было пачынаць работу з чыстага ліста. Цяпер своечасова выплачваюцца заработная плата, падаткі. Тое, як будзе развівацца прадпрыемства ў далейшым, залежыць толькі ад вас: ад кіраўніцтва - як будзе наладжана вытворчасць, збыт, і ад калектыву, адказнага падыходу да працы кожнага", - падкрэсліў Раман Галоўчанка на сустрэчы з калектывам.
Размова прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Работнікі завода ўзнялі некалькі хвалюючых пытанняў, у тым ліку жыллёвага будаўніцтва, падтрымкі маладых і шматдзетных сем'яў. Раман Галоўчанка паведаміў, што ў 2020 годзе на гэтыя мэты (субсідыі, ільготнае крэдытаванне, падвод інжынерных камунікацый) накіруюць Br1 млрд. Плануецца пабудаваць амаль 4 млн кв.м жылля, чвэрць з іх з дзяржпадтрымкай.
Яшчэ адно пытанне датычылася адкрыцця ў Лідзе філіяла ГрДУ імя Янкі Купалы. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі ў аблвыканкаме, магчымыя рашэнні прапрацоўваюцца сумесна з Міністэрствам адукацыі.
Абмяркоўвалася пытанне мадэрнізацыі пенсійнай сістэмы, у тым ліку як стымуляваць людзей удзельнічаць у накапленні пенсіі. Прэм'ер-міністр адзначыў, што ўсе рашэнні будуць прымацца пасля ўважлівага і ўзважанага аналізу, паколькі галоўнае не пагоршыць умовы людзей.
Раман Галоўчанка расказаў на сустрэчы, як вырашаюцца пытанні, якія раней узнімалі жыхары Бярозаўкі. Напрыклад, у горадзе не хапала некалькіх вузкіх медыцынскіх спецыялістаў. Прынята рашэнне, што адзін з мясцовых спецыялістаў пройдзе перападрыхтоўку па спецыяльнасці эндакрынолаг. Будуць арганізаваны і выязныя кансультацыі кардыёлага. У бліжэйшы час у Лідскай ЦРБ пачне працаваць камп'ютарны тамограф. Акрамя таго, узводзіцца прыбудова для новага аналагічнага апарата.
У час нарады з кіраўніцтвам прадпрыемства Раман Галоўчанка абмеркаваў ход выканання даручэнняў Прэзідэнта па нарошчванні вытворчасці ізаляцыйных матэрыялаў, павышэнні даходнасці продажаў.
"Упэўнены, што ўсё будзе добра ў прадпрыемства. Калі б не пандэмія, якая паўплывала на збыт, вынікі былі б яшчэ больш важкімі. Шклозавод вядомы сваімі штучнымі вырабамі, таго самага хэнд-мэйду, за якім усе ганяюцца. Магчыма, пакуль не ўмеем прадаваць, ды і не даюць яны той даходнасці, каб утрымліваць вялікі калектыў. Таму ў рамках дыверсіфікацыі вытворчасці было прынята рашэнне арганізаваць выпуск шклаваты, якая цяпер у тым ліку паспяхова экспартуецца на рынак Еўрасаюза", - сказаў Раман Галоўчанка. Ён падкрэсліў, што ў першую чаргу разглядаецца пытанне эканамічнай мэтазгоднасці вытворчасці шклаваты. Абмяркоўваецца і тэма нарошчвання вытворчасці шкла ў сферы імпартазамяшчэння. Напрыклад, ёмістасці невялікага аб'ёму для дзіцячага харчавання закупляюцца за мяжой. Рашэнне аб тых ці іншых змяненнях будзе прымацца толькі з пункту гледжання эканомікі.
ААТ "Шклозавод "Нёман" - адно са старэйшых прадпрыемстваў Беларусі. Створана яно ў 1883 годзе. У той час гэта была маленькая вытворчасць з адной шклаварнай печчу і 20 рабочымі. Цяпер гэта горадаўтваральнае прадпрыемства з сярэдняспісачнай колькасцю каля 1,4 тыс. чалавек. Асноўныя віды дзейнасці - выпуск гаспадарча-бытавых вырабаў са шкла і вытворчасць шкловалакна. У партфелі прадпрыемства больш за 5 тыс. найменняў прадукцыі са шкла і хрусталю. У ААТ "Шклозавод "Нёман" працуюць дзве шклаварныя печы (па вытворчасці хрусталю і бязколернага шкла) і печ па вытворчасці шкловалакна.