12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка абмеркаваў з паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
У час сустрэчы прэм'ер-міністр адзначыў пазітыўную дынаміку росту ўзаемнага гандлю дзвюх краін. Па выніках дзевяці месяцаў бягучага года тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам вырас больш як у 2,5 раза і склаў каля $315 млн.
"Таксама плённа развіваецца супрацоўніцтва ў галіне вытворчай кааперацыі. Адным з вядучых азербайджанскіх прадпрыемстваў, якое паспяхова працуе ва ўзаемадзеянні з беларускімі машынабудаўнікамі, з'яўляецца Гянджынскі аўтамабільны завод. З 2007 года на яго базе сабрана больш за 11 тыс. беларускіх трактароў, а таксама каля 3,5 тыс. адзінак іншай тэхнікі вядомых беларускіх брэндаў", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле інфармацыі прэс-службы, бакі пацвердзілі ўзаемную цікавасць у інтэнсіфікацыі і пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.