27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Украінскія дзеці і іх бацькі, якія пражываюць на тэрыторыі Данбаса, падзякавалі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за магчымасць рэабілітацыі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня". Іх відэазварот апублікаваў Telegram-канал "Пул першага", паведамляе БЕЛТА.
"Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Мяне завуць Міхайлава Юля, я ў 2015 годзе трапіла пад мінамётны абстрэл. І, зведаўшы той боль вайны на сабе, хачу вам выказаць велізарную ўдзячнасць за клопат і дабрыню, якую вы падарылі нашым дзецям: "дэльфіны" (так вобразна называюць дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.- Заўвага БЕЛТА), дзеці-сіроты, дзеці, якія трапілі пад абстрэл, дзеці, якія страцілі бацькоў з-за вайны. Дзякуй!" - сказала адна з дзяўчат.
Удзячнасць за аказаную падтрымку Аляксандру Лукашэнку таксама выказалі бацькі гэтых дзяцей. "Яны пазнаёміліся з вашай культурай, яны былі акружаны клопатам і ўвагай кожную хвіліну. Дзякуй вам асабіста за падтрымку дзецям Данбаса!" - заявіла адна з мам.
"Не дарэмна вас называюць Бацькам, Аляксандр Рыгоравіч. Вялікі вам дзякуй за гэту бацькоўскую любоў, якую вы падарылі дзеткам Данбаса! Дай бог здароўя, анёла-ахоўніка вам і вашым блізкім. І дзякуй вам за Аляксея Талая (беларускі чэмпіён-паралімпіец. - Заўвага БЕЛТА)!" - дадала яшчэ адна маці.
Як паведамлялася, група са 150 дзяцей з Данецкай вобласці знаходзілася на адпачынку і аздараўленні ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня" з 15 верасня па 5 кастрычніка 2021 года. Распараджэнне аб арганізацыі такой паездкі было падпісана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пасля таго, як на імя кіраўніка дзяржавы паступіла адпаведная просьба па лініі дабрачынных арганізацый. Аляксандр Лукашэнка гэту ініцыятыву падтрымаў.
Акрамя адпачынку і аздараўлення для дзяцей з Данецкай вобласці быў арганізаваны вучэбны працэс і экскурсійна-культурныя мерапрыемствы па знакавых мясцінах Беларусі.