22 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Стрэсавых сітуацый з уступленнем з 1 студзеня 2018 года ў сілу Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза не ўзнікне. Перакананасць у гэтым выказаў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрый Сянько па выніках даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я перакананы, што якіх-небудзь стрэсавых сітуацый 1 студзеня не адбудзецца. Усе нашы супрацоўнікі гатовы да работы, як і бізнес, у новых умовах", - сказаў кіраўнік ведамства.
У час рабочай сустрэчы Юрый Сянько ўручыў Прэзідэнту Беларусі першы экзэмпляр Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза, у якім сабраны ўсе міжнародныя пагадненні, што працуюць у рамках "пяцёркі" краін-удзельніц, а таксама прапісаны шэраг новаўвядзенняў з улікам актуальных патрэбнасцей эканомікі. "Гэта абсалютна ўзважаны дакумент. У мэтах яго развіцця сёння ідзе распрацоўка падзаконных нарматыўных актаў, якія выйдуць пасля ратыфікацыі гэтага дакумента", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ужо сёння выбудоўваецца работа па рэалізацыі на практыцы гэтага дакумента. "Наколькі гэты Мытны кодэкс адпавядае нашаму жыццю? Зразумела, там былі пэўныя кампрамісы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Мы практычна ўжо жывём па гэтым дакуменце. Многія навелы, якія закладзены ў новы Мытны кодэкс, мы ўжо адпрацавалі ў якасці эксперымента ў Беларусі. І з 1 студзеня 2018 года ён стане паўнацэнным дакументам, якім мы будзем кіравацца ў сваёй рабоце, - паведаміў Юрый Сянько. - Мы ўлічылі патрэбнасці розных нашых міністэрстваў і ведамстваў, якія адказваюць за работу эканомікі, улічылі інтарэсы бізнес-асацыяцый, якія таксама працавалі над гэтым кодэксам. І тыя нюансы, якія неабходна было аднесці на нацыянальнае заканадаўства, - ёсць частка пытанняў, якія краіны пакінулі для свайго рэгулявання".
Паводле слоў старшыні ДМК, Беларусь больш падрыхтавана да ўступлення кодэкса ў сілу, чым, напрыклад, Кыргызстан або Арменія, якія пазней далучыліся і да ранейшага саюзнага заканадаўства. "З улікам таго, што розная была падрыхтоўка краін да работы ў новых умовах, былі зроблены некаторыя агаворкі ў сувязі з гэтым. Цяпер у развіццё новага Мытнага кодэкса рыхтуецца праект указа кіраўніка дзяржавы", - сказаў Юрый Сянько.