22 лістапада, Віцебск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Для вырашэння праблем у аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці ў рэгіёне прапануецца стварыць супербуйны холдынг. Адпаведны праект указа абмяркоўваецца сёння ў Віцебску на нарадзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я азнаёміўся з праектам указа, які вы нібыта калектыўна выпрацавалі і хочаце, каб я яго падтрымаў. Асноўныя палажэнні прадугледжваюць (з пункту гледжання спецыялістаў) радыкальную перабудову ўсёй сістэмы кіравання агракомплексам вобласці, а прапанаваны супербуйны холдынг зойме дзве трэці яе тэрыторыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо цяпер у вобласці працуюць некалькі інтэграцыйных структур у АПК у выглядзе холдынгаў, аднак большая іх частка не паказвае чаканых вынікаў. "Калі вы атрымалі адмоўны вопыт чатырох холдынгаў з пяці, вы хочаце стварыць яшчэ гіганцкі суперхолдынг? Як разумець вас тады? - абазначыў праблему Аляксандр Лукашэнка. - Мне ж падпісваць указ і несці за яго адказнасць. Гэта велізарныя расходы".
Пры гэтым па праекце ўказа вобласць разлічвае на каласальную суму дзяржаўнай падтрымкі. "А мне сказалі: ды не, не трэба ніякай падтрымкі... Таму для прыняцця канчатковых рашэнняў сёння нам трэба падрабязна і канкрэтна абмеркаваць усе існуючыя пытанні", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, каб ніхто не спрабаваў адседзецца, а ўсе неслі персанальную адказнасць. "Вы сабраліся сюды не для таго, каб адмаўчацца: вось скажу, а заўтра мяне выганяць... Ніхто нікога не выганіць, калі вы будзеце нармальна працаваць. А калі нехта асмеліцца гэта зрабіць, то ён сам будзе выгнаны з гэтай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што асобным паказчыкам работы АПК рэгіёна можна адзначыць невялікую пазітыўную дынаміку. Аднак вынікі ўсебаковага аналізу сітуацыі паказваюць наяўнасць сур'ёзных праблем. "Не трэба самазаспакойвацца кіраўнікам іншых абласцей. У нас прыкладна такая ж сітуацыя ва ўсіх усходніх абласцях. І ў Магілёўскай, і ў Гомельскай. Ім таксама давядзецца прымаць надзвычайныя меры. Там пасля замены кіраўнікоў абласцей яны варушыцца нібыта пачалі. Але гэтага мала. Трэба прымаць тэхналагічныя і арганізацыйныя меры, каб справіцца з праблемамі, якія там існуюць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
За пяць апошніх гадоў аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці зменшыўся амаль на 2 працэнты. "У вас поўная стагнацыя. Вы коціцеся ў адваротны бок", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, стала ўстойлівай тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а яе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ніжэйшыя, чым у любым іншым рэгіёне краіны. Віцебская вобласць адзіная, дзе сярэдні ўдой на карову складае менш як 4 тыс. кг. Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, спад экспартнага патэнцыялу і як вынік пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей у рэспубліцы.
"Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой работы (калі гэта наогул можна назваць работай) пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба сумленна сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Але бязладнасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37 працэнтаў работнікаў вёскі (Віцебскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) атрымліваюць зарплату ніжэйшую за Br500, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату".
"Прытым у мяне складваецца меркаванне, што калі мы гаворым Br500, гэта ў некаторых гаспадарак налічаная зарплата, а выдаяце вы яе па частках - па Br100-150. І лічыцца, што ў вас сярэдняя зарплата Br500. Каго вы падманваеце?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
"Тым часам кіраўніцтва вобласці недаравальна доўга (больш як два гады) распрацоўвае нейкія прапановы, як выправіць існуючую сітуацыю", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг прынцыповых пытанняў. У прыватнасці, па якіх прычынах сельскагаспадарчая галіна вобласці апынулася ў такім стане, ці выяўлены, а галоўнае - ці ліквідаваны, усе першапрычыны, якія прывялі да існуючай сітуацыі, якая вытворча-тэхналагічная стратэгія развіцця холдынга і наколькі дасканала яна выверана. "Калі не будзе ад зямлі аддачы - ад ферм, машынных двароў, збожжатакоў, калі там не будзе арганізацыі і аддачы, ніякія холдынгі не выратуюць", - папярэдзіў беларускі лідар.
Ён таксама пацікавіўся, ці падлічаны фінансавыя патокі ў прапанаваным холдынгу, ці дадуць яны яму магчымасць нармальна функцыянаваць, як будзе выбудавана сістэма кіравання, размежаваны паўнамоцтвы і сферы адказнасці.
"Ці дазваляюць меры, якія прапануюцца, канчаткова вырашыць праблемы ў Віцебскай вобласці або гэта проста замаскіраваная чарговы раз дзяржаўная падтрымка, каб закрыць вочы на парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны і безгаспадарчасць? Калі мы не выкаранім гэту безгаспадарчасць, ніякія інтэграцыйныя структуры вам не дапамогуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.