30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты рыхтуюць да разгляду на асенняй сесіі парламента больш за 30 законапраектаў, заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца 43 законапраекты. З іх 33 уключаны ў прыкладны графік разгляду на сесіі. Сёння ў парадку дня пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў - 26 пытанняў. У тым ліку 14 законапраектаў, якія будуць разгледжаны ў другім чытанні. Гэта дастаткова якасныя дакументы, якія ўсебакова падрыхтаваны і гатовы да разгляду", - сказаў Валянцін Семяняка.
Значны блок пытанняў датычыцца рэгулявання эканомікі, навуковай, навукова-тэхнічнай, інавацыйнай дзейнасці. "У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы парламентам праведзена даволі сур'ёзная работа па падрыхтоўцы праектаў КоАП і ПВКоАП. Работа над гэтымі кодэксамі набліжаецца да завяршэння. Практычна кожны дзень праходзяць пасяджэнні профільнай камісіі, на якіх разглядаюцца ўсе пункты гледжання. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час гэта работа завершыцца, і мы атрымаем праекты якасных кодэксаў", - адзначыў парламентарый.
Валянцін Семяняка падкрэсліў, што парадак дня асенняй сесіі даволі рухомы. "У яго могуць дадаткова ўключацца пытанні, перш за ўсё законапраекты па меры іх гатоўнасці. У прыватнасці, мы чакаем, што будзе ўнесены ў новай рэдакцыі Кодэкс аб адукацыі".-0-