23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі парламента разгледзяць пытанне аб назначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў. Аб гэтым ішла размова сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па актуальных унутрыпалітычных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў унесла прапанову аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года. "Думаю, што дэпутаты ў гэтым выпадку падтрымаюць прапанову ЦВК, і, хутчэй за ўсё, выбары адбудуцца 11 кастрычніка", - адзначыў беларускі лідар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на заўвагі і крытыку з боку апанентаў улады наконт таго, што нібыта на месяц раней праводзяцца прэзідэнцкія выбары. "Што значыць раней? Толькі парламент мае права вызначыць дату. Наколькі я разумею, ніколі парламент нават не заяўляў аб даце. ЦВК называў крайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"І мы і сёння мяркуем, што 11 кастрычніка будуць праведзены прэзідэнцкія выбары, калі гэта рашэнне прыме парламент", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Як мяне праінфармавалі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі парламента разгледзяць гэта пытанне і канчаткова вызначацца з тэрмінамі правядзення такога мерапрыемства", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што ўжо цяпер трэба паклапаціцца аб поўнай гатоўнасці да іх арганізацыі і правядзення.