9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас абмеркаваў са спецыяльным пасланнікам міністра замежных спраў Японіі Сэіці Конда, які знаходзіцца з візітам у Беларусі, рэфармаванне Савета Бяспекі ААН. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Дыпламаты абмеркавалі актывізацыю міждзяржаўных кантактаў, далейшае развіццё інфраструктуры дыпламатычнага ўзаемадзеяння і паглыбленне супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях. Прадстаўнік Японіі таксама закрануў пытанне рэфармавання Савета Бяспекі ААН у кантэксце ідэі фармалізацыі перагаворнага працэсу на аснове прапанаванага групай краін праекта дакумента. На яго думку, перагаворы па гэтым пытанні ў Нью-Ёрку адкладаць нельга.
Андрэй Дапкюнас адзначыў, што Беларусь падтрымлівае абмеркаванне шляхоў павышэння эфектыўнасці і прадстаўнічасці Савета Бяспекі ААН, але настойвае пры гэтым на ўзважаным, паступальным і кансэнсусным падыходзе да пытанняў рэформы. Намеснік міністра падкрэсліў, што прынцыповай умовай паспяховых перагавораў па рэфармаванні Савета Бяспекі ААН з'яўляецца ўмацаванне атмасферы добразычлівасці і даверу паміж дзяржавамі - членамі арганізацыі.
Беларускі дыпламат лічыць, што адпаведныя крокі і ініцыятывы асобных дзяржаў і груп краін, магчыма, не абавязкова прывязаныя да пытанняў рэформы Савета Бяспекі ААН, па зніжэнні міжнароднай напружанасці і пераадоленні глабальнага крызісу даверу маглі б стаць крытычным фактарам поспеху ў працэсе рэформы. На яго думку, пакуль у поўнай меры не створаны дастатковы фундамент даверу і ўзаемаразумення, нават самыя прывабныя арганізацыйныя крокі не змогуць зрабіць больш эфектыўным галоўны орган ААН, які прызначаны вырашаць пытанні міжнароднага міру і бяспекі.