20 чэрвеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон запрасіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку наведаць Малдову восенню, падчас збору вінаграду. Адпаведная прапанова была агучана 20 чэрвеня ў час сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Малдове вас вельмі любяць, чакаюць. Вы мне абяцалі, што мы збяром вінаград у гэтым годзе. Сітуацыя ў нас стабілізуецца ў бліжэйшыя, думаю, месяц-паўтара. І вельмі спадзяюся, што восенню мы вас убачым у гасцях у Рэспубліцы Малдова", - сказаў Ігар Дадон.
Прэзідэнт Малдовы дадаў, што з задавальненнем адгукнуўся на прапанову прыехаць у Мінск на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў, нягледзячы на складаную сітуацыю ў яго краіне. "Гэта важная падзея для вас асабіста і вашай краіны. Я вырашыў усё ж такі прыехаць, каб быць побач з вамі. Сябры звычайна побач адзін з адным - і ў бядзе, і ў радасці", - падкрэсліў Ігар Дадон.
Ён абяцаў навучыць Аляксандра Лукашэнку вырошчваць вінаград і вырабляць з яго натуральнае віно яшчэ ў красавіку 2018 года ў час візіту беларускага лідара ў Малдову. Наведваючы разам з Прэзідэнтам Беларусі інстытут раслінаводства "Парумбень", Ігар Дадон сказаў: "Я запрашаю вас у маю родную вёску ў канцы верасня-пачатку кастрычніка, каб мы сабралі вінаград і разам прыгатавалі віно, каб вы пазнаёміліся бліжэй і з гэтым сегментам. Думаю, будзе вельмі цікава. І я з задавальненнем пакажу вам родны дом, дзе нарадзіўся, сваю родную вёску".
Аляксандр Лукашэнка прыняў запрашэнне і паабяцаў наведаць родную вёску малдаўскага лідара, як толькі з'явіцца магчымасць. "Вінаград у нас вырошчваюць і вельмі шмат, але ён не такі як у Малдове, таму я вельмі спадзяюся, што мой сябар і калега навучыць мяне вырошчваць сапраўдны вінаград. Калі атрымаецца, я з задавальненнем па запрашэнні Ігара Дадона пабываю ў яго роднай вёсцы, калі не ў гэтым годзе, то ў наступным дакладна атрымаецца. І мы паспрабуем прыгатаваць сок, а потым віно з вырашчанага вінаграду", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.