1 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Чарговы раўнд беларуска-амерыканскага дыялогу па правах чалавека прайшоў у Вашынгтоне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Мерапрыемства было арганізавана ў час візіту 29 кастрычніка - 1 лістапада ў Вашынгтон намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі. Цэнтральным элементам праграмы стала правядзенне чарговага раўнда беларуска-амерыканскага дыялогу па правах чалавека. З амерыканскага боку ў дыялогу прынялі ўдзел памочнік дзяржаўнага сакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працоўных адносін Роберт Дэстра, прадстаўнікі дзярждэпартамента і ўрадавых устаноў.
У час візіту Алег Краўчанка правёў сустрэчы з выконваючым абавязкі памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Філіпам Рыкерам і старшынёй падкамітэта па справах Еўропы і Еўразіі камітэта Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША па міжнародных справах Білам Кітынгам. Бакі абмеркавалі пытанні развіцця беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва і рэгіянальную сітуацыю.
Магчымасці двухбаковага ўзаемадзеяння былі разгледжаны на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі са старшынёй Камісіі ЗША па захаванні амерыканскай спадчыны за мяжой Полам Пекерам.
Аб шляхах развіцця ўзаемадзеяння ў галіне гандлю і інвестыцый гаварылі на сустрэчы з прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі дзелавога супрацоўніцтва з краінамі Цэнтральнай Еўропы Эрыкам Сцюартам.
Таксама адбыліся перагаворы намесніка міністра з прадстаўнікамі аналітычнай супольнасці. На 1 лістапада запланаваны перагаворы Алега Краўчанкі з намеснікам памочніка Дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.