31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на прадстаўленні новага міністра фінансаў Максіма Ермаловіча абазначыў задачы міністэрства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Максім Леанідавіч ведае задачы, якія стаяць сёння перад Міністэрствам фінансаў. У першую чаргу гэта работа над адобраным праектам бюджэту на 2019 год, над дашліфоўкай Падатковага кодэкса. Таксама ёсць шэраг сярэднетэрміновых задач, і задачы гэта няпростыя, такія як знешні доўг. Гэта і пытанні сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы, якія бюджэт у першачарговым парадку павінен выконваць, і шэраг іншых", - сказаў Сяргей Румас.
Прэм'ер-міністр падзякаваў за работу Уладзіміру Амарыну, які раней займаў пасаду міністра фінансаў. "Ён высакакласны спецыяліст. Прэзідэнт даручыў прадставіць некалькі варыянтаў, каб Уладзімір Віктаравіч і далей прадаўжаў працаваць на карысць Беларусі", - дадаў Сяргей Румас.
Максім Ермаловіч скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. У 1999 годзе працаваў дзяржаўным падатковым інспектарам інспекцыі нумар 2 Дзяржаўнага падатковага камiтэта па Фрунзенскім раёне Мінска. З ліпеня 1999 па 2002 год займаў розныя пасады ў Дзяржаўным падатковым камітэце Беларусі (цяпер Міністэрства па падатках і зборах). У 2002 годзе перайшоў працаваць у Міністэрства фінансаў. Займаў пасады кансультанта ўпраўлення аналізу і планавання даходаў бюджэту, намесніка начальніка ўпраўлення - начальніка аддзела планавання і ўліку даходаў бюджэту галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту, начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі. У 2011-2014 гадах - намеснік міністра фінансаў Беларусі. З 2014 года і да гэтага часу працаваў першым намеснікам міністра фінансаў.