20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя МНС Беларусі прыняла ўдзел у семінары па разборы рэагавання міжнародных пошукава-выратавальных атрадаў на землетрасенні ў Турцыі і Сірыі, а таксама ў рэгіянальным пасяджэнні Міжнароднай кансультатыўнай групы ААН па пошуку і выратаванні (ІНСАРАГ), якія праходзілі ў г.Доха (Катар) з 17 па 19 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт МНС.
На семінары абмяркоўвалася найбольш маштабная пошукава-выратавальная аперацыя за ўвесь перыяд існавання ІНСАРАГ, у якой з Беларусі прыняў удзел рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння "ЗУБР".
Лютаўскае землетрасенне прывяло да гібелі звыш 50 тыс. чалавек у Турцыі і амаль 10 тыс. у Сірыі. Паводле даных турэцкага боку, у ліквідацыі наступстваў былі задзейнічаны больш за 100 тыс. спецыялістаў і добраахвотнікаў.
На семінары прадстаўнікі краін - удзельніц ІНСАРАГ абмяняліся атрыманым вопытам, запланавалі падрыхтоўку рэкамендацый па правядзенні міжнародных пошукава-выратавальных аперацый і шэраг рабочых сустрэч з замежнымі калегамі, а таксама разгледзелі запланаваныя атэстацыі пошукава-выратавальных атрадаў.
У лютым 2023 года па даручэнні кіраўніка дзяржавы 64 работнікі рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння "ЗУБР" разам з кіналагічнай службай, спецыяльнай тэхнікай і аварыйна-выратавальнымі інструментамі аператыўна накіраваліся ў пацярпелы ад серыі землетрасенняў турэцкі горад Кахраманмараш. Усяго за час пошукава-выратавальных работ сіламі РАСП "ЗУБР" з-пад завалаў быў выцягнуты 51 чалавек, 6 з якіх засталіся жывыя. Таксама беларускі бок аказаў гуманітарную дапамогу жыхарам пацярпелага рэгіёна.