14 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы Валерый Варанецкі і супрацоўнікі пасольства 13 красавіка прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да мемарыяла загінуўшым савецкім воінам-вызваліцелям на Шварцэнбергплац - адной з цэнтральных плошчаў Вены. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай дыпламатычнай місіі ў Аўстрыі.
Цырымонія адбылася па праграме мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і з нагоды Дня вызвалення Вены. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных місій краін СНД, іншых дзяржаў, міжнародных арганізацый, ветэраны Другой сусветнай вайны, прадстаўнікі муніцыпалітэта Вены, аўстрыйскіх грамадскіх арганізацый. Ад імя кіраўнікоў шэрага дыпламатычных місій краін СНД, у тым ліку Беларусі, акрэдытаваных у Вене, быў арганізаваны ўрачысты прыём у пасольстве Расіі.
Помнік савецкім воінам, якія загінулі пры вызваленні Аўстрыі ад фашызму, быў адкрыты ў Вене 19 жніўня 1945 года ў мэтах ушанавання памяці аб 17 тыс. савецкіх салдатах, якія загінулі ў бітве за Вену ў час Другой сусветнай вайны. Венская наступальная аперацыя пачалася 16 сакавіка 1945 года. Горад быў узяты войскамі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 14 красавіка 1945-га пасля напружаных вулічных баёў.