27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў ратыфікавала сёння пагадненне паміж урадамі Беларусі і Кітая аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакумент парламентарыям прадставіў намеснік міністра замежных спраў Яўген Шэстакоў. Ён расказаў, што кітайскі бок, паводле папярэдняй інфармацыі, плануе на працягу двух тыдняў выканаць неабходныя працэдуры па ратыфікацыі. Адказваючы на пытанні журналістаў, намеснік міністра растлумачыў, што ў пагадненні прапісаны парадак яго ўступлення ў дзеянне. "На працягу 30 дзён пасля выканання бакамі працэдур ратыфікацыі і ўзаемнага паведамлення адзін аднаму", - сказаў ён.
Як паведамлялася, у адпаведнасці з пагадненнем, беларусы змогуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён у адной паездцы, але не больш за 90 дзён у год. Такое ж правіла будзе дзейнічаць для кітайскіх грамадзян. Калі чалавек захоча заставацца ў краіне больш за 30 дзён або займацца навучальнай, прафесійнай дзейнасцю, трэба будзе атрымліваць спецыяльную візу. У бязвізавы рэжым закладзены прыватныя паездкі, бізнес-камандзіроўкі, турыстычныя паездкі.
Міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было заключана 10 чэрвеня ў Цындаа ў час рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР. З падпісаннем дакумента Беларусь апынулася ў ліку нямногіх краін Еўропы, у якіх устаноўлены бязвізавы рэжым з Кітаем.