12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінадукацыі Беларусі і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі падпісалі ў Маскве сумесны план мерапрыемстваў у сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на 2019 год. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры беларускага ведамства па выніках сумеснага пасяджэння калегій Міністэрства адукацыі, ДКНТ Беларусі і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, Мінасветы Расіі, якое адбылося 11 красавіка ў Маскве.
У прэс-цэнтры звярнулі ўвагу, што сумесная калегія стала першай пасля сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў у Сочы ў лютым 2019 года. "Тады сярод іншага былі сфармуляваны даручэнні па збліжэнні адукацыйных і навуковых стандартаў і маладзёжных праграм. Менавіта гэтаму і было прысвечана пасяджэнне, на якім разглядаліся прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады ў частцы фарміравання агульнай адукацыйнай прасторы і маладзёжнай палітыкі", - адзначылі ў Мінадукацыі.
Удзельнікі калегіі абмеркавалі перспектывы прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. "Дасягнуты дамоўленасці па практычных пытаннях удасканалення і функцыянавання Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве, абмеркаваны канкрэтныя планы па ўзаемадзеянні ў сферы маладзёжнай палітыкі", - канстатавалі ў прэс-цэнтры.
Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка па выніках пасяджэння адзначыў, што адукацыйныя сістэмы дзвюх краін інтэгруюцца. "У Беларусі, таксама як і ў Расіі, займаюцца павышэннем якасці адукацыі, шукаюць механізмы, каб зрабіць яе больш канкурэнтаздольнай. У тым ліку вырашаюцца пытанні навукова-метадычнага забеспячэння і глабальныя пытанні сацыялізацыі моладзі, падрыхтоўкі маладых людзей да самастойнага жыцця", - сказаў ён.
Старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін падкрэсліў, што на пасяджэнні калегій сабраліся прадстаўнікі ведамстваў, якія курыруюць навуку і адукацыю. "Адукацыя неаддзельная ад навукі. Гэтыя пытанні трэба разглядаць у комплексе, рэалізоўваць сумесныя дзяржаўныя праграмы", - перакананы ён.
Абмяркоўваліся таксама пытанні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, перспектывы стварэння асацыяцыі рэктараў ВНУ Расіі і Беларусі. Расійскі бок выказаў зацікаўленасць у тым, каб пераймаць беларускі вопыт у сферы школьнай адукацыі, расшыраць напрамкі сумеснай дзейнасці ў гэтай сферы.