9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні міжпарламенцкага супрацоўніцтва з Грузіяй. Перспектывы ўзаемадзеяння ў гэтай і іншых сферах абмяркоўваліся сёння на сустрэчы намесніка старшыні Савета Рэспублікі Мар'яны Шчоткінай з паслом Грузіі ў Беларусі Валерыем Кварацхелія, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.
Абмеркаваны пытанні гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага, гуманітарнага супрацоўніцтва. "Асаблівая ўвага ўдзелена развіццю міжпарламенцкіх сувязей і ролі парламенцкага вымярэння ва ўмацаванні беларуска-грузінскага супрацоўніцтва. Размова ішла аб рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у час візіту Мар'яны Шчоткінай у Грузію ў снежні 2018 года (яна ўдзельнічала ў цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі). Тады ж адбыліся рабочыя сустрэчы з прэм'ер-міністрам, спікерам парламента і міністрам замежных спраў гэтай краіны", - нагадалі ў прэс-службе.
Беларусь і Грузія маюць неабходны патэнцыял для павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю, развіцця прамысловай кааперацыі, адзначыла ў размове з паслом Мар'яна Шчоткіна. Прыкладам паспяховага супрацоўніцтва служыць зборачная вытворчасць ліфтаў, адкрытая ў Тбілісі. У 2019 годзе ў Грузіі плануецца запусціць сумесную вытворчасць па зборцы малых трактароў.
У час перагавораў разгледжаны перспектывы двухбаковага партнёрства ў сельскай гаспадарцы, фармацэўтычнай галіне, гуманітарнай сферы, турызме. Акрамя таго, абмяркоўвалася арганізацыя работы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.