4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі адкрылася выстава жывапісца, члена Беларускага саюза мастакоў Васіля Пешкуна "Па гарадах Беларусі разам з мастаком", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Выстава прысвечана Сусветнаму дню гарадоў і ўключае творы мастака з выявай гарадскіх пейзажаў. Міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей на адкрыцці экспазіцыі растлумачыў, што Сусветны дзень гарадоў прызначаны прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да глабальнай урбанізацыі, стымуляваць развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі для вырашэння праблем урбанізацыі.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў далучэнні да міжнародных гарадскіх сетак, створаных ЮНЕСКА, у адну з якіх ужо ўвайшоў Віцебск (Глабальная сетка гарадоў, якія навучаюцца). Пры гэтым Уладзімір Макей адзначыў важную ролю культуры і адукацыі ва ўстойлівым развіцці гарадоў.
Глабальная сетка гарадоў, якія навучаюцца, дзейнічае пад эгідай Інстытута ЮНЕСКА па навучанні на працягу жыцця (Гамбург, ФРГ) і аб'ядноўвае гарады свету, што разглядаюць адукацыю на працягу ўсяго жыцця як сродак павысіць якасць жыцця свайго насельніцтва.
Выстава падрыхтавана Беларускім саюзам мастакоў пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў. Яна адкрыла цыкл прысвечаных праблематыцы горадоў мерапрыемстваў, якія пройдуць у краіне на працягу лістапада пад эгідай Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.