24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выходзіць з Пашыранага частковага пагаднення па спорце (ПЧПС), заснаванага рэзалюцыяй Камітэта міністраў Савета Еўропы ў 2007 годзе. Гэта прадугледжана ўказам нумар 377, які падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта.
Рашэнне аб выхадзе з ПЧПС абумоўлена тым, што з 17 сакавіка 2022 года Камітэт міністраў Савета Еўропы па палітычных матывах прыпыніў удзел Беларусі ва ўсіх частковых пагадненнях СЕ. Акрамя таго, для беларускага боку на працягу апошніх гадоў адсутнічала практычная аддача ад удзелу ў ПЧПС.
Пашыранае частковае пагадненне па спорце прадугледжвае каардынацыю намаганняў дзяржаў, каб садзейнічаць "развіццю спорту для ўсіх". Удзельнікамі гэтых дамоўленасцей з'яўляецца большасць з краін - членаў Савета Еўропы, а таксама дзяржавы, якія не ўваходзяць у гэту еўрапейскую структуру.
У ліпені бягучага года Расія прыняла рашэнне аб выхадзе з шэрага пашыраных частковых і частковых пагадненняў Савета Еўропы, сярод якіх было таксама ПЧПС.