13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка ў час удзелу ў Бруселі ў штогадовай сустрэчы старшых службовых асоб ініцыятывы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" зрабіў акцэнт на неабходнасці ўзмацнення практычнай аддачы ад гэтай пляцоўкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі выступіў у якасці аднаго з асноўных дакладчыкаў на пленарнай сесіі, прысвечанай удасканаленню дзейнасці "Усходняга партнёрства" ў святле вынікаў праведзенага ў 2017 годзе саміту.
У час пленарнай часткі мерапрыемства і тэматычных дыскусій Алег Краўчанка выклаў падыходы Беларусі па павышэнні эфектыўнасці ністытуцыянальнай структуры "Усходняга партнёрства". У прыватнасці, беларускі прадстаўнік зрабіў акцэнт на неабходнасці ўзмацнення практычнай аддачы ад ініцыятывы, яе арыентацыі на канкрэтныя і адчувальныя праекты ў такіх сферах, як транспарт, энергаэфектыўнасць, развіццё інфармацыйных тэхналогій.
Алег Краўчанка заклікаў да далейшага выкарыстання "Усходняга партнёрства" ў якасці пляцоўкі для раўнапраўнага дыялогу паміж ЕС і краінамі-партнёрамі для ўмацавання ўзаемнага даверу і бяспекі ў рэгіёне. Намеснік міністра замежных спраў пацвердзіў зацікаўленасць і гатоўнасць Беларусі да перагавораў па новым базавым пагадненні з Еўрапейскім саюзам.
На пляцоўцы форуму беларускі прадстаўнік сустрэўся з дырэктарам Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па Расіі, "Усходнім партнёрстве", Цэнтральнай Азіі і АБСЕ Люкам Дэвінем, з намеснікам кіраўніка генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Катарынай Мацернавай. Алег Краўчанка таксама прыняў удзел у кансультацыях кіраўнікоў дэлегацый шасці краін - партнёраў "Усходняга партнёрства" з пасламі па асаблівых даручэннях шэрага дзяржаў ЕС.