24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе вынесці на абмеркаванне Парламенцкай асамблеі АБСЕ праект рэзалюцыі "Прадухіленне спажывання наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі", паведаміў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння адкрылася 20-е зімовае пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Яно пройдзе па 26 лютага ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі. Удзельнічаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
"Зімовая сесія традыцыйна мае больш тэхнічны характар. Будуць разгледжаны справаздачы генсакратара, казначэйства і многія іншыя арганізацыйныя пытанні. Тым не менш, будзе праведзены агляд сітуацыі ў рэгіёне АБСЕ, і мы плануем аб'явіць аб сваёй ініцыятыве прапанаваць праект рэзалюцыі па прафілактыцы наркаманіі сярод моладзі на летнюю сесію ПА АБСЕ, - расказаў Андрэй Савіных. - Як паказалі нашы даследаванні, менавіта гэтай тэме, на жаль, не надаецца належнае значэнне. Мы разлічваем, што наша ініцыятыва дасць магчымасць прыцягнуць больш увагі да барацьбы з гэтым сур'ёзным выклікам XXI стагоддзя".
Паводле слоў парламентарыя, у час зімовага пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ адбудзецца прынцыповы і адкрыты абмен меркаваннямі па ўсіх пытаннях парадку дня аб сітуацыі ў краінах. "Пытанне нават хутчэй не ў прыняцці нейкіх рашэнняў, колькі ў абмене меркаваннямі і выпрацоўцы адзінага погляду на тыя шляхі, па якіх можа рухацца рэгіён Еўропы ў бліжэйшыя гады, - адзначыў ён. - Я думаю, што мы знойдзем магчымасць праінфармаваць нашых калег аб сітуацыі ў Беларусі, аб выніках Усебеларускага народнага сходу і аб тым працэсе палітычнай мадэрнізацыі, сацыяльна-эканамічнага развіцця, які ў нас наперадзе".
Андрэй Савіных дадаў, што праблематыка ў рэгіёне застаецца ранейшай. "Нас непакоіць усё большая тэндэнцыя тэрарызму, гандаль зброяй, пытанне ўстойлівасці дзяржаўных сістэм у рэгіёне, умацаванне правоў чалавека. Але не як палітычны інструмент націску на іншыя краіны, а як інструмент задавальнення інтарэсаў уласных грамадзян. Наогул палітра даволі шырокая, безумоўна, абмен меркаваннямі адбудзецца па ўсіх пытаннях", - сказаў на заканчэнне ён.
Як чакаецца, летняя сесія ПА АБСЕ адбудзецца ў Бухарэсце 6-10 ліпеня.