10 кастрычніка, Ашхабад /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь у 2020 годзе будзе сустаршынстваваць у Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мінск неафіцыйна лічыцца сталіцай СНД. Там знаходзіцца штаб-кватэра Выканкама. І я заўсёды гавару з удзячнасцю ў адрас кіраўніцтва Беларусі, што мы атрымліваем там вельмі актыўную падтрымку ў нашай дзейнасці. І ў размяшчэнні штаб-кватэры, і вылучэнні ініцыятыў", - падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.
Ён паведаміў, што Беларусь згадзілася прыняць сустаршынства ў СНД у наступным годзе і, як чакаецца, у 2021 годзе зойме пасаду старшыні ў СНД. "Беларусь не раз была старшынёй у СНД і заўсёды паспяхова спраўлялася з гэтай місіяй. Мы глыбока ўпэўнены, што Беларусь была, ёсць і застанецца актыўнай удзельніцай нашага ўзаемадзеяння", - заявіў выканаўчы сакратар СНД.
Як чакаецца, у наступным годзе старшынства прыме Узбекістан, а Туркменістан і Беларусь будуць сустаршынямі. Гэта пытанне будзе канчаткова вырашана на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў 11 кастрычніка.