5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на прадаўжэнне работы па спрашчэнні візавых працэдур з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Работа ў гэтым напрамку (па спрашчэнні візавых працэдур і пытаннях рэадмісіі. - Заўвага БЕЛТА) вядзецца. Ёсць пэўныя прэтэнзіі з нашага боку да еўрапейскіх партнёраў, з-за якіх на нейкім этапе быў прыпынены рух па заключэнні гэтых пагадненняў. Але я думаю, што ўсе гэтыя пытанні пераадольныя. Мы маем намер зрабіць так, каб работа ў гэтым напрамку прадаўжалася", - сказаў Уладзімір Макей.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што вырашэнне пытання аб спрашчэнні візавых працэдур не можа залежаць толькі ад Беларусі або Еўрапейскага саюза - яно двухбаковае. "Ёсць пэўныя тэхнічныя моманты, якія трэба дадаткова абмеркаваць, але я перакананы, што такія рэчы пераадольныя", - дадаў кіраўнік МЗС.