13 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на падтрымку Францыі ў выбудоўванні шматвектарнай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяжка пераацаніць ролю Францыі як аднаго з палітычных і эканамічных "цяжкавагавікоў" Еўрапейскага саюза і ўсяго свету. Разлічваем на падтрымку Французскай Рэспублікай нашага курсу на шматвектарную знешнюю палітыку і большую ўключанасць краіны ў міжнародныя эканамічныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.
Яркім пацвярджэннем перспектыўнасці двухбаковага супрацоўніцтва Прэзідэнт назваў паспяховую дзейнасць на беларускім рынку французскіх кампаній з сусветным імем. "Спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі нам удасца рэалізаваць новыя ўзаемавыгадныя інвестыцыйныя праекты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем супрацоўніцтву з краінамі Еўрапейскага саюза, пашыраючы канструктыўную ідэю "інтэграцыі інтэграцый". І ў гэтым плане ўскладаем надзеі ў першую чаргу на нашых суседзяў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Літва з'яўляецца для Беларусі важным партнёрам у Еўропе, перш за ўсё ў знешнеэканамічнай сферы: "Мы даволі эфектыўна працуем у транспартна-транзітнай і інвестыцыйнай галінах. Трэба прадаўжаць рухацца ў гэтым напрамку і максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял".
Беларускі бок таксама адкрыты для плённага дыялогу з Фінляндыяй. "Для нашай краіны мае асаблівае значэнне прыцягненне інвестыцый і выкарыстанне сучасных фінляндскіх тэхналогій у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. У сваю чаргу мы гатовы прадаставіць усе неабходныя ўмовы для бізнес-праектаў з удзелам вашых кампаній", - адзначыў Прэзідэнт.
Беларусь гатова пашыраць і беларуска-эстонскія кантакты ва ўсіх сферах, уключаючы палітычнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. "Сёння нам неабходна асвойваць новыя перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Напрамкаў супрацоўніцтва мноства, мы павінны мець вельмі блізкія адносіны", - лічыць беларускі лідар.
"Наша краіна зацікаўлена ў прагматычным узаемадзеянні з Люксембургам па ўсіх пытаннях двухбаковага, рэгіянальнага і глабальнага супрацоўніцтва. Улічваючы статус Люксембурга як аднаго з фінансавых цэнтраў Еўропы, мы выступаем за нарошчванне кантактаў у галіне эканомікі. Перш за ўсё ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы ад паслоў Буркіна-Фасо, Інданезіі, Канады, Літвы, Люксембурга, Манголіі, Фінляндыі, Францыі, Эрытрэі, Эстоніі, Апостальскага нунцыя ў Беларусі.