Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

13 Врс 2016

Беларусь разлічвае на падпісанне падагульняючай справаздачы па выніках кансультацый з Літвой па БелАЭС

13 верасня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на падпісанне падагульняючай справаздачы па выніках двухбаковых кансультацый па тэхнічных і навуковых пытаннях будаўніцтва БелАЭС са спецыялістамі з Літвы. Аб гэтым заявіла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна, адкрываючы ў Мінску другі раўнд кансультацый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на апошнія рэкамендацыі па беларускім пытанні, якія былі прыняты Камітэтам па ажыццяўленні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце. Згодна з імі, да 1 лістапада 2016 года Беларусь і Літва павінны прадставіць сумесную справаздачу, падрыхтаваную па выніках бягучых кансультацый. І сёння беларускі бок прадастаўляе ўсе неабходныя тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы для таго, каб вынікам другога раўнда кансультацый стала падпісанне падагульняючага дакумента", - падкрэсліла першы намеснік міністра.

Ія Малкіна растлумачыла, што падпісанне такога дакумента дапаможа пазбегнуць непаразумення паміж бакамі і няправільнай трактоўкі прадстаўленай сёння інфармацыі. "Мы прапануем па выніках абмеркавання кожнага пытання парадку дня паўнамоцным экспертам абодвух бакоў праходзіць у суседняе памяшканне, абсталяванае ўсёй неабходнай тэхнікай, і фіксаваць дасягнутыя дамоўленасці, а таксама спрэчныя пытанні", - паведаміла яна.

Першы намеснік міністра нагадала, што беларускі бок узнімаў пытанне падрыхтоўкі сумеснай справаздачы яшчэ ў чэрвені бягучага года ў Вільнюсе ў час першага раўнда кансультацый. "На жаль, тады мы не змаглі дасягнуць кампрамісу і не падпісалі падагульняючы дакумент", - адзначыла яна.

Ія Малкіна падкрэсліла, што чакае ад экспертаў з літоўскага боку пытанняў, заснаваных не на суб'ектыўных ацэнках, а на канкрэтных патрабаваннях міжнародных дагавораў і тэхнічных пасылах.

"Як і раней, мы гатовы прыслухацца да канструктыўнай крытыкі, якая здольна палепшыць рэалізуемы намі праект. У той жа час мы хацелі б яшчэ раз падкрэсліць, што спробы лабіравання эканамічных і палітычных інтарэсаў пад выглядам забеспячэння экалагічнай і радыяцыйнай бяспекі недапушчальны ў добрасуседскіх адносінах, пабудаваных паміж нашымі дзяржавамі. Беларускі бок выказвае надзею, што сённяшні дыялог дасць магчымасць афіцыйнаму Вільнюсу нарэшце пачуць Беларусь і ўстараніць непаразуменні, якія доўжацца ўжо больш як пяць гадоў", - рэзюмавала першы намеснік міністра.

У Мінску 13-14 верасня праходзяць двухбаковыя кансультацыі экспертаў Беларусі і Літвы па існуючых тэхнічных і навуковых пытаннях праекта будаўніцтва Беларускай АЭС. На кансультацыях, якія сталі прадаўжэннем пачатага ў чэрвені 2016 года двухбаковага дыялогу, абмяркоўваецца шэраг пытанняў, такіх як праект АЭС, ядзерная бяспека і парадак ажыццяўлення нагляду за радыяцыйнай абаронай, уключаючы распрацоўку адпаведнага заканадаўства ў Беларусі, арганізацыя маніторынгу навакольнага асяроддзя і інш.

У сустрэчы з беларускага боку прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства энергетыкі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і іншых рэспубліканскіх органаў і арганізацый.

У час першага раўнда кансультацый, які адбыўся 21-22 чэрвеня 2016 года ў Вільнюсе, Беларусь дала падрабязныя адказы на шэраг пытанняў, якія цікавілі Літву, такіх як: ацэнка месцазнаходжання і крытэрыі выбару пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС, ацэнка сейсмічнай бяспекі Астравецкай і альтэрнатыўных пляцовак, прымяненне працэдур па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі