19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі законапраект "Аб прыпыненні дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ў адносінах да Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект закона распрацаваны па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Беларусі і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў 6 верасня. Ён падрыхтаваны ў мэтах забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і прыпыняе выканананне беларускім бокам абавязацельстваў па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, падпісаным у Парыжы 19 лістапада 1990 года, у адносінах да Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі.
Дагавор быў ратыфікаваны Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 21 кастрычніка 1992 года "Аб ратыфікацыі Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ад 19 лістапада 1990 года і Пагаднення аб прынцыпах і парадку выканання гэтага дагавора ад 15 мая 1992 года" і ўступіў у сілу 9 лістапада 1992 года. Ён прадугледжвае абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў (абмен інфармацыяй і інспекцыі).
21 сакавіка 2023 года ўрадам Польшчы прынята рашэнне аб невыкананні ДЗУСЕ ў адносінах да Беларусі, Чэхія паведаміла аб прыпыненні абавязацельстваў па дагаворы перад Мінскам па каналах Сеткі сувязі АБСЕ ў жніўні 2022 года. У адпаведнасці з заключэннем Міністэрства замежных спраў Рэспубліка Беларусь згодна з падпунктам b пункта 2 артыкула 60 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года мае права прыпыніць дзеянне ДЗУСЕ ў адносінах да Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі, якія прынялі рашэнне не выконваць абавязацельствы па гэтым дагаворы ў адносінах да Беларусі.
У практычным плане гэта будзе азначаць прыпыненне Беларуссю прадастаўлення названым дзяржавам паведамленняў і інфармацыі, якая датычыцца звычайных узбраенняў і тэхнікі Рэспублікі Беларусь, прыёму ад Польшчы і Чэхіі інспекцый у мэтах кантролю за выкананнем беларускім бокам колькасных абмежаванняў адносна звычайных узбраенняў і тэхнікі, устаноўленых палажэннямі ДЗУСЕ. У адносінах да іншых дзяржаў-удзельніц Рэспубліка Беларусь будзе прадаўжаць выконваць ДЗУСЕ.
Згодна з заключэннем Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў выбар віду нарматыўнага прававога акта для мэт прыпынення дзеяння ДЗУСЕ з'яўляецца абгрунтаваным. Прыняцце праекта закона не прывядзе да скарачэння дзяржаўных сродкаў, стварэння або павелічэння расходаў.
Як адзначыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Яўген Зайцаў, прыпыненне дзеяння дагавора ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
"Гэтым дагаворам прыпыняюцца абавязацельствы беларускага боку ў адносінах да Польшчы і Чэхіі. Згодна з гэтым дагаворам, абмяжоўваюцца звычайныя ўзбраенні пяці катэгорый: танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты, баявыя самалёты. Вызначаецца механізм кантролю за гэтым узбраеннем у выглядзе інспектавання і абмену інфармацыяй", - сказаў Яўген Зайцаў.
Беларускі бок усе гэтыя гады добрасумленна выконваў свае абавязацельствы па гэтым дагаворы, дадаў дэпутат. "У жніўні 2022 года чэшскі бок паведаміў аб прыпыненні дзеяння гэтага дагавора ў адносінах да нашай краіны, а ў сакавіку 2023 года ўрад Польшчы прыпыніў дзеянне гэтага дагавора. Мы назіраем працэсы мілітарызацыі, якія адбываюцца сёння на тэрыторыі Польшчы, паблізу нашай дзяржграніцы. І прыняцце гэтага законапраекта з'яўляецца мерай у адказ нашай краіны адносна толькі гэтых дзяржаў, кіраўніцтва якіх прыняло такія недружалюбныя меры ў адносінах да нашай краіны", - рэзюмаваў парламентарый.