18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе адмяніць дазволы на міжнародныя аўтамабільныя перавозкі на прасторы Новага шаўковага шляху. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння на міжнароднай відэаканферэнцыі ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы павінны адмяніць сістэму дазволаў на міжнародныя аўтамабільныя перавозкі. Гэта паслужыць дадатковым стымулам для развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці", - адзначыў Уладзімір Макей.
На думку беларускага боку, краінам таксама неабходна сфарміраваць лічбавыя транспартныя калідоры, асабліва паміж Кітаем і Еўропай.
"Укараненне сучасных спадарожнікавых навігацыйных пломб дае магчымасць пазбегнуць празмерных мытных і іншых працэдур і скараціць тэрміны дастаўкі тавараў на 4-5 дзён", - звярнуў увагу міністр.
Уладзімір Макей лічыць, што інфраструктура краін у рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" павінна быць больш узаемазвязанай. "Нам неабходна дадаткова развіваць прыгранічныя станцыі, аўтамабільныя дарогі і чыгункі, масты і мультымадальныя транспартныя вузлы. Узаемазвязаная інфраструктура з'яўляецца ключавым элементам развіцця праз супрацоўніцтва", - дадаў ён.