22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Новасібірская вобласць Расіі абмеркавалі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння профільных прыродаахоўных ведамстваў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык правёў сустрэчу з прадстаўнікамі дэлегацыі Новасібірскай вобласці на чале з міністрам прыродных рэсурсаў і экалогіі рэгіёна Андрэем Даніленкам. Як было адзначана, бакі пашыраюць супрацоўніцтва: падпісваюцца новыя пагадненні, рэалізуюцца дарожныя карты, заключаюцца прамыя гандлёва-эканамічныя кантракты.
Мінпрыроды Беларусі гатова дзяліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі ў галіне захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, абыходжання з адходамі, дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, удасканалення экалагічнага заканадаўства і шэрага іншых напрамкаў, адзначыў Андрэй Худык.
У сваю чаргу Андрэй Даніленка таксама выказаў зацікаўленасць ва ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
"Бакі абмеркавалі пытанні аховы атмасфернага паветра, рэгулявання абыходжання з адходамі, балансу экалогіі і развіцця бізнесу, экалагічнага выхавання і асветы. Былі закрануты і тэмы навядзення парадку на зямлі, барацьбы з інвазіўнымі раслінамі, ліквідацыйнага тампанажу невыкарыстоўваемых свідравін, - адзначылі ў Мінпрыроды. - Асобную ўвагу ўдзельнікі ўдзялілі новым падыходам у экалагічным горадабудаўніцтве. Міністры дамовіліся аб правядзенні яшчэ адной сустрэчы, у час якой беларускі бок падзеліцца лепшымі практыкамі ў сферы зялёнага горадабудаўніцтва і вопытам рэалізацыі праекта "Зялёныя гарады".
Праект ПРААН "Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі" ("Зялёныя гарады") фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2016-2021 гадах. Адным з галоўных кампанентаў праекта з'яўляецца рэалізацыя пілотных ініцыятыў па ўстойлівым гарадскім транспарце ў Полацку і Наваполацку і мерапрыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці ў Навагрудку.