19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь настойвае на непрадузятых ацэнках жорсткіх дзеянняў паліцыі ў Вялікабрытаніі, Нідэрландах і Польшчы. На гэтым акцэнтаваў увагу Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Андрэй Дапкюнас 18 сакавіка на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
"На працягу апошніх месяцаў, знаходзячыся пад пільнай і нават гіпертрафіраванай увагай шэрага дзяржаў - удзельніц АБСЕ, мы ўсё ж спрабавалі перавесці работу Пастаяннага савета ў канструктыўнае рэчышча і заклікалі да пошуку аб'яднальных элементаў у нашай рабоце, - адзначыў Андрэй Дапкюнас. - Паколькі, выступаючы па беларускім пытанні, некаторыя настойвалі на першараднасці сумленнага і крытычнага стаўлення адзін да аднаго, мы таксама вырашылі зірнуць больш уважліва на сітуацыю з захаваннем правоў чалавека на прасторы АБСЕ. У сувязі з гэтым хацелі б скарыстацца выпадкам і падтрымаць, як нам здаецца, цалкам абгрунтаванае і пацверджанае фактамі выступленне Расійскай Федэрацыі".
Андрэй Дапкюнас згадаў "толькі некалькі апошніх сюжэтаў, якія сталі здабыткам шырокай грамадскасці і на якія нельга закрываць вочы, калі мы сур'ёзна прэтэндуем на аб'ектыўнасць і роўны падыход у рамках АБСЕ".
"Мы заклапочаны жорсткімі дзеяннямі паліцыі Лондана 13 сакавіка ў час акцыі ў Клэпхеме на паўднёвым захадзе брытанскай сталіцы ў памяць аб забітай Сары Эверард. На распаўсюджаных у сацсетках кадрах відаць, як праваахоўнікі прымянілі сілу для затрымання некалькіх удзельніц. Яны заломвалі мірным і бяззбройным жанчынам рукі, каб надзець наручнікі. Пры гэтым кіраўнік лонданскай паліцыі заяўляе, што яе падначаленыя дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з законам. Ці чуюць у АБСЕ хвалю абурэння, якая расце ў Вялікабрытаніі па гэтым сюжэце?", - задаў заканамернае пытанне беларускі пастаянны прадстаўнік.
Ён упэўнены, што патрабуе непрадузятых ацэнак і непрапарцыянальнае прымяненне сілы праваахоўнікамі Нідэрландаў. У Гаазе 14 сакавіка 2021 года мірная дэманстрацыя супраць палітыкі ўрада па ўрэгуляванні крызісу з пандэміяй COVID-19 у адным з гарадскіх паркаў была груба разагнана коннымі паліцэйскімі; 20 мірных дэманстрантаў былі арыштаваны. Чарговы раз для разгону дэманстрантаў, у тым ліку тых, якія не праяўлялі агрэсіі, прымяняліся вадзяныя гарматы, дубінкі, сабакі. Аднаго дэманстранта атакаваў сабака, калі ён ужо ляжаў на зямлі і быў безабаронны. Асаблівае абурэнне ў сацыяльных медыя выклікаў відэазапіс, на якім супрацоўнік паліцыі ў цывільнай форме штурхае жанчыну на паліцэйскі фургон і збівае яе.
"Нас таксама не могуць не хваляваць прымяненне паліцыяй газу, залішняй фізічнай сілы і масавыя затрыманні людзей на шматтысячных пратэстах у рамках кампаніі "Забастоўка жанчын" і "маршах свабоды" каранаскептыкаў, якія прадаўжаюцца з лістапада 2020 года ў суседняй з Беларуссю Польшчы", - заявіў Андрэй Дапкюнас.
Ён падкрэсліў, што праблемы, вядома ж, не абмяжоўваюцца пералічанымі сюжэтамі: "У сувязі з гэтым хацелі б згадаць нашу сумесную з Расіяй заяву па сітуацыі з правамі чалавека ў краінах ЕС і Вялікабрытаніі, зробленую 12 сакавіка разам з шэрагам краін у ходзе 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека".
На заканчэнне беларускі пастаянны прадстаўнік адзначыў: "Нашым выступленнем мы ні ў якім разе не спрабуем адцягнуць увагу ад актуальных праблем у сваёй краіне. Мы над імі сістэмна працуем, аб чым пастаянна інфармуем нашых калег у АБСЕ ў адказ на іх крытыку. Разлічваем на ўзаемнасць".