16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь імкнецца паглыбіць шматвектарнае супрацоўніцтва з Кітаем і вывесці на новую ступень міждзяржаўныя адносіны. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў у час сустрэчы ў Ташкенце з членам Дзяржсавета, міністрам замежных спраў КНР Ван І, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Мінск цвёрда падтрымлівае Пекін па пытаннях, якія датычацца яго асноўных інтарэсаў, і заўсёды стаіць на яго баку, а таксама гатовы сумесна процістаяць дзеянням у духу "псеўдамультылатэралізму", накіраваным на раскол свету, і актыўна пашыраць фарміраванне супольнасці з адзіным лёсам для ўсяго чалавецтва, падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
Ван І ў сваю чаргу заявіў, што Кітай і Беларусь - надзейныя сябры. Ён падкрэсліў, што неабходна правесці ў жыццё дамоўленасці кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, прытрымлівацца духу ўзаемадаверу, супрацоўніцтва і ўзаемнага выйгрышу, няўхільна паглыбляць традыцыйную дружбу і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, каб садзейнічаць далейшаму ўпэўненаму развіццю кітайска-беларускіх адносін.
Ван І таксама адзначыў, што Пекін і Мінск маюць добрыя традыцыі ўзаемнай падтрымкі і ўзаемадапамогі. Дыпламат выказаў удзячнасць Беларусі за тое, што яна заўсёды цвёрда стаіць на баку Кітая па пытаннях, якія датычацца яго асноўных інтарэсаў, і падтрымлівае яго пазіцыі. Калі Беларусь сутыкнецца з цяжкасцямі, Кітай як ўсёабдымны стратэгічны партнёр таксама будзе з усіх сіл аказваць ёй падтрымку і дапамогу, як і належыць сябрам, заявіў Ван І.
Паводле слоў міністра, Кітай цвёрда падтрымлівае Беларусь у абароне нацыянальнага суверэнітэту і годнасці, выступае супраць неапраўданых аднабаковых санкцый і ўмяшання ў яе ўнутраныя справы, а таксама гатовы абараняць законныя правы і інтарэсы Беларусі ў шматбаковых рамках. Пекін гатовы сумесна з Мінскам працаваць над далейшым развіццём міждзяржаўных сувязей і паглыбленнем двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Кітай прадоўжыць пастаўляць Беларусі вакцыны, каб дапамагчы ёй як мага хутчэй поўнасцю пераадолець пандэмію, адзначыў Ван І.