5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова дзяліцца з Венгрыяй вопытам у распрацоўках у сферы электратранспарту, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння на сустрэчы з венгерскім калегам Віктарам Орбанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы прапануем нашым венгерскім партнёрам скарыстацца вопытам Беларусі ў распрацоўках і вытворчасці зялёнага транспарту, электратранспарту. Можна яшчэ шмат пералічваць перспектыўныя напрамкі, па якіх мы хацелі б працаваць, але я хацеў бы выкарыстаць гэты час, каб пачуць больш ваша персанальнае бачанне. Каб мы лепш разумелі, куды і з якой інтэнсіўнасцю, у якіх сектарах больш перспектыўна рухацца", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Сёння на сустрэчы венгерскага прэм'ера з Прэзідэнтам Беларусі была агучана бліжэйшая планка для тавараабароту - 500 млн еўра на працягу бліжэйшых 2-3 гадоў. "Гэта абсалютна рэалізуемая задача, над ёй павінны проста папрацаваць урады дзвюх краін, прадстаўнікі бізнес-супольнасці", - лічыць кіраўнік беларускага ўрада.
У маі міжурадавая камісія падрабязна абмеркавала пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Сёння многія пытанні разгледжаны на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. "Таму ў прынцыпе ўвесь парадак дня бліжэйшых праектаў, перспектыў вядомы. Пытанне толькі ў настойлівасці яго рэалізацыі", - лічыць Раман Галоўчанка.
"Вельмі правільна і добра, што гэта (супрацоўніцтва Беларусі і Венгрыі. - Заўвага БЕЛТА) дарога з двухбаковым рухам. Праекты ўключаюць як прыцягненне і выкарыстанне беларускіх тэхналогій у Венгрыі ў такіх сферах, як машынабудаванне, будаўніцтва, так і венгерскіх тэхналогій у Беларусі - гэта сельская гаспадарка, фармацэўтыка. Гэта вельмі збалансаваны падыход. Усе гэтыя праекты ўвязаны з дабрабытам насельніцтва, працоўнымі месцамі, занятасцю", - заўважыў ён.
Раман Галоўчанка звярнуў увагу, што візіт прадстаўнічай дэлегацыі Венгрыі ў Беларусь у той час, калі ўся міжнародная дзейнасць перайшла ў віртуальную прастору, з'яўляецца вельмі добрым знакам. "Венгрыя для Беларусі - вельмі важны партнёр. Мы, безумоўна, удзячныя за выразную і прынцыповую пазіцыю, якую вы займаеце наконт антыбеларускіх санкцый, несправядлівай пазіцыі асобных дзяржаў, блокаў у адносінах да нашай краіны", - сказаў ён.
Віктар Орбан пажадаў Раману Галоўчанку вялікіх поспехаў на пасадзе прэм'ер-міністра і выказаў надзею, што пасля першай сустрэчы пойдзе шэраг іншых.
"Віншую вашу краіну, што вы з такім поспехам пераадолелі апошняе дзесяцігоддзе, з тым парадкам, які я бачу ўсюды. Віншую з тымі паказчыкамі, дакладней, з той работай, якая за гэтымі паказчыкамі стаіць. Мы, венгры, таксама жывём у даволі складанай геапалітычнай сітуацыі, але і вы на нуду скардзіцца не будзеце. А ў такіх умовах такія дасягненні з'яўляюцца асабліва каштоўнымі", - адзначыў Віктар Орбан.