6 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 5 чэрвеня сустрэўся з паслом Рэспублікі Гана ў РФ і Беларусі па сумяшчальніцтве Леслі Апоку-Варэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
"Сустрэча адбылася ў дзень 31-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Гана. Дзмітрый Крутой і Леслі Апоку-Варэ павіншавалі адзін аднаго з гэтай знамянальнай датай у гісторыі нашых краін і выказалі агульны настрой на інтэнсіўную работу па развіцці кантактаў на ўсіх узроўнях", - адзначылі ў прэс-службе.
Бакі разгледзелі пытанні актывізацыі беларуска-ганскага палітычнага дыялогу і пашырэння супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах, а таксама ўзаемадзеянне Беларусі і Ганы ў міжнародных арганізацыях. Дзмітрый Крутой і Леслі Апоку-Варэ дамовіліся садзейнічаць найхутчэйшаму правядзенню чарговых палітычных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, ажыццяўленню візітаў профільных ведамстваў і дзелавых колаў.
"Пасол Беларусі акрэсліў напрамкі, у якіх нашы краіны маглі б значна рушыць наперад. Гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая бяспека, медыцына, адукацыя. Беларусь гатова ўдзельнічаць у праграмах механізацыі сельскай гаспадаркі Ганы, пастаўляць у гэту краіну шырокі спектр камунальнай і муніцыпальнай тэхнікі, лякарствы, укараняць найноўшыя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе, рыхтаваць ганскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ па розных спецыяльнасцях", - расказалі ў дыпмісіі.
Пасол Ганы падкрэсліла сапраўды дружалюбныя адносіны, якія склаліся паміж дзвюма краінамі. Яна цалкам падтрымала прапанаваныя беларускім бокам практычныя крокі па пашырэнні супрацоўніцтва, адзначыўшы таксама, што Гана з'яўляецца буйнейшым вытворцам высакаякасных фруктаў і какавы і гатова пастаўляць іх на беларускі рынак у любых аб'ёмах.
"Субяседнікі канстатавалі блізкія падыходы да найбольш актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня і пацвердзілі прыхільнасць Беларусі і Ганы да справядлівага шматпалярнага светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнароднага права і паважання суверэннай роўнасці дзяржаў. Дамовіліся аб умацаванні каардынацыі і ўзаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках", - дадалі ў прэс-службе.