18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь абмяркуе з Літвой праект справаздачы па Канвенцыі Эспа ў канцы кастрычніка, паведаміў журналістам галоўны спецыяліст аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Маркаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сумесная справаздача Беларусі і Літвы ў камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспа (Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце) павінна быць прадастаўлена да лістапада.
"Размова ідзе аб абмеркаванні праекта пагаднення Беларусі і Літвы па Канвенцыі Эспа, мы разлічваем на яго падпісанне. Не выключаем, што ў ходзе гэтай сустрэчы будуць узняты іншыя пытанні, якія не былі абмеркаваны бакамі раней - цяпер гэта ў працэсе прапрацоўкі", - растлумачыў Уладзімір Маркаў.
Раней Беларусь і Літва правялі два раўнды кансультацый у Вільнюсе і Мінску па пытаннях будаўніцтва АЭС. Абмяркоўваецца магчымасць правядзення трэцяга раўнда кансультацый. Уладзімір Маркаў не ўдакладніў, ці адбудзецца ён да канца бягучага года, але такая магчымасць разглядаецца.