12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сусветны банк абмяркуюць падрыхтоўку новай стратэгіі партнёрства. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства эканомікі, паведамляе БЕЛТА.
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі накіраваўся з рабочым візітам у Вашынгтон (ЗША) для ўдзелу ў штогадовым пасяджэнні саветаў кіраўнікоў групы Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Прадстаўнікі Беларусі традыцыйна прымаюць удзел у гэтым форуме высокага ўзроўню, выкарыстоўваючы яго як пляцоўку для ўзгаднення пазіцый з вышэйшым кіраўніцтвам міжнародных фінансавых арганізацый па актуальных пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва.
У час рабочага візіту запланаваны сустрэчы Уладзіміра Зіноўскага з ключавымі партнёрамі, у тым ліку з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірылам Мюлерам, рэгіянальным дырэктарам Міжнароднай фінансавай карпарацыі Томашам Тэльмам, віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандрам Стубам. Галоўнай тэмай сустрэч з кіраўніцтвам групы Сусветнага банка стане абмеркаванне рэалізацыі дзеючых сумесных інвестыцыйных праектаў, а таксама падрыхтоўкі новай стратэгіі партнёрства.
У час сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі чакаецца падпісанне пагадненняў па праекце "Пашырэнне доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь". Па гэтым праекце Сусветны банк выдзеліць Банку развіцця Беларусі крэдытную лінію для крэдытавання малых і сярэдніх прадпрыемстваў у мэтах пашырэння дзеючай праграмы Банка развіцця.