7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя праектаў у энергетыцы і па здабычы карысных выкапняў абмеркавана ў час рабочай паездкі ў Судан 3-6 сакавіка пасла Беларусі ў Егіпце і Судане па сумяшчальніцтве Сяргея Рачкова. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
На перагаворах з намеснікам міністра замежных спраў Судана па палітычных пытаннях Ільхамам Ібрагімам абмеркаваны шырокі спектр тэм двухбаковага ўзаемадзеяння, уключаючы рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе праведзеных візітаў на вышэйшым узроўні і падрыхтоўку палітычных кансультацый. Бакі абмяняліся думкамі па асобных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.
"У ходзе сустрэчы з намеснікам міністра нафты і мінеральных рэсурсаў Азхары Басбарам разгледжана праблематыка рэалізацыі сумесных беларуска-суданскіх праектаў у галіне здабычы карысных выкапняў, нафты, газу і энергетыкі, а таксама падрыхтоўкі чарговага пасяджэння міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве", - расказалі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.
Пытанні пастаўкі беларускай грузавой, дарожна-будаўнічай і пасажырскай тэхнікі для патрэб штата Хартум былі ў цэнтры ўвагі перагавораў з губернатарам гэтага суданскага рэгіёна Хашымам Асманам.
Пасол таксама прыняў удзел у адкрыцці беларускай экспазіцыі на міжнароднай выстаўцы сельскай гаспадаркі, харчавання і ўпаковачных тэхналогій SUDAN AgroFood + Packaging і ў сустрэчы прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Судана. Беларуская экспазіцыя ўпершыню арганізавана на гэтай выстаўцы. Прадстаўлена прадукцыя больш як дзесяці прадпрыемстваў, уключаючы МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаш","Амкадор", "Белшына", "Спартак", Мінскі маргарынавы завод, "Слодыч". Дзень Беларусі на выстаўцы адбыўся 5 сакавіка.