20 лістапада, Портараж /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Славенія каардынавалі план сумесных дзеянняў на 2016 год. Перспектывы беларуска-славенскага супрацоўніцтва абмяркоўваліся 20 лістапада на перагаворах намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной з намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам замежных спраў Рэспублікі Славенія Карлам Эр'яўцам і дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных спраў Славеніі Дар'яй Курэт, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча адбылася ў час візіту намесніка кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства ў Славенію.
У час перагавораў бакі абмеркавалі дыялог Беларусь - ЕС, пытанні ўзаемадзеяння ва "Усходнім партнёрстве", праблематыку наладжвання ўзаемадзеяння паміж ЕС і ЕАЭС, сітуацыю ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням актывізацыі беларуска-славенскіх адносін у палітычнай, эканамічнай, культурнай і гуманітарнай сферах. Бакі зацвердзілі план сумесных мерапрыемстваў на 2016 год, дамовіліся аб фармаце і папярэдніх тэрмінах правядзення пасяджэння двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое пройдзе ў Любляне ў наступным годзе.
Бакі таксама абмеркавалі пытанні ўзаемнай падтрымкі ў міжнародных арганізацыях сістэмы ААН.
Напярэдадні, 19 лістапада, Алена Купчына прыняла ўдзел у 17-й Портаражскай міжнароднай бізнес-канферэнцыі, адна з тэм якой прысвячалася Беларусі. Намеснік міністра ў сваім выступленні на форуме расказала аб інвестыцыйных перавагах Беларусі. У бізнес-канферэнцыі, якая штогод праводзіцца ў горадзе Портараж, прынялі ўдзел больш як 400 прадстаўнікоў славенскай і еўрапейскай бізнес-супольнасцей, а таксама студэнты эканамічнага факультэта Люблянскага ўніверсітэта.