27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія плануюць стварыць адзіную даследчую інфраструктуру Саюзнай дзяржавы. Гэта прапанова абмяркоўвалася сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Нацыянальнага даследчага цэнтра "Курчатаўскі інстытут" Міхаілам Кавальчуком і была падтрымана абодвума бакамі. Аб гэтым па выніках сустрэчы расказаў журналістам Міхаіл Кавальчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша агульная прапанова з прэзідэнтам Акадэміі навук - стварыць агульную адзіную даследчую інфраструктуру Саюзнай дзяржавы. І тым самым вучоныя Беларусі атрымаюць доступ да ўсёй унікальнай інфраструктуры, якая сёння разгортваецца і на працягу бліжэйшых 5 гадоў будзе лепшай у свеце", - сказаў кіраўнік НДЦ "Курчатаўскі інстытут".
Вучоны растлумачыў, што маецца на ўвазе выкарыстанне складаных дарагіх комплексаў - мегасаенс, якія сёння з'яўляюцца асновай для навуковых прарываў у матэрыялазнаўстве, біялогіі, медыцыне, сельскай гаспадарцы і іншых сферах. Па гэтым напрамку ў Расіі запушчаны 2 праграмы і Курчатаўскі інстытут вызначаны як галаўная арганізацыя.
Справа ў тым, што ў савецкія часы расійскі патэнцыял у галіне мегасаенс быў адным з самых значных у свеце. Пасля распаду СССР спецыялісты з гэтай галіны сталі вельмі запатрабаванымі ў розных краінах свету, дзякуючы іх рабоце быў ажыццёўлены запуск такіх мегаўстановак у шэрагу еўрапейскіх краін. "Спачатку мы ўнеслі туды толькі інтэлектуальны ўклад, нас нанялі. Потым мы пачалі пастаўляць тэхналогіі, а сёння мы з'яўляемся буйнейшымі донарамі - мы заплацілі некалькі мільярдаў еўра і з'яўляемся саўладальнікамі гэтых установак", - падкрэсліў Міхаіл Кавальчук. Ён звярнуў увагу, што беларускія вучоныя могуць атрымаць доступ да ўстановак мегасаенс, а расійскія вучоныя ў сваю чаргу атрымаюць магчымасць выкарыстоўваць вытворчыя магутнасці беларускіх прадпрыемстваў.
Паводле яго слоў, таксама ішла размова аб развіцці супрацоўніцтва ў галіне ядзерных тэхналогій, у прыватнасці, аб стварэнні ў Беларусі філіяла Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, які ў свой час ствараўся спецыяльна для падрыхтоўкі інжынераў, вучоных для работы ў атамнай галіне. "Магчымасць адкрыцця філіяла тут адначасова з філіялам Курчатаўскага інстытута, які ўжо ёсць пры станцыі (у Астраўцы. - Заўвага БЕЛТА), думаю, дасць новы штуршок нашаму супрацоўніцтву ў галіне ядзерных тэхналогій", - падкрэсліў Міхаіл Кавальчук.
Ён станоўча ацаніў рашэнне Беларусі аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі, паколькі лічыць атамную энергетыку "адзінай абсалютна экалагічна чыстай". Над пытаннем бяспечнага выкарыстання адпрацаванага ядзернага паліва вучоныя цяпер працуюць і ў хуткім часе эфектыўнае рашэнне будзе знойдзена, упэўнены кіраўнік нацыянальнага даследчага цэнтра. "Калі прыдумаць і арганізаваць увесь паліўны цыкл так, каб гэтыя адходы знікалі, тады наогул не будзе аб чым гаварыць", - упэўнены ён.
У Северску (Томская вобласць Расіі) ужо запушчаны пілотны праект па будаўніцтве атамнага энергаблока з рэактарам на хуткіх нейтронах, рэалізацыя якога дасць магчымасць у бліжэйшыя гады стварыць зялёную атамную энергетыку. "Размова ідзе аб тым, што мы фактычна падрыхтаваны (аб чым мы і гаварылі з Аляксандрам Рыгоравічам), каб зрабіць гэта нейкай агульнай справай. Мы запускаем атамны праект 2.0, - расказаў вучоны. - Яго сутнасць - гэта энергетычная бяспека, якая сёння - галоўная". Паколькі лічбавізацыя, што трывала ўвайшла ў наша жыццё, рэзка палярызуе свет і патрабуе значных энергетычных затрат. "Паводле даных АБСЕ, сёння ў свеце 30 працэнтаў выпрацаванай энергіі траціцца толькі на падтрыманне сетак - вайфай, інтэрнэт і гэтак далей, без прамысловай вытворчасці. Вытворчасць энергіі ў чыстым выглядзе і ў дастатковай колькасці - ёсць залог устойлівага развіцця і бяспекі", - адзначыў ён.
У сувязі з гэтым Міхаіл Кавальчук згадаў аб Ігналінскай АЭС і назваў рашэнне Літвы аб яе закрыцці памылковым і прынятым пад націскам. На яго думку, Літва магла б жыць, як Саудаўская Аравія, прадаючы ў сваім рэгіёне электраэнергію. "Глупства і эмоцыі не могуць быць вызначальнымі пры вырашэнні важных дзяржаўных задач. Вось вам просты прыклад - што адбываецца ў вас і што адбылося побач, хоць у іх стартавая рэч - наяўнасць Ігналінскай станцыі. Яны маглі сядзець, вам энергію прадаваць і яшчэ паглядаць на вас. А яны яе закрылі і, па сутнасці, закрылі краіну", - лічыць кіраўнік Курчатаўскага інстытута.