20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Жэневе 18-19 лютага адбыўся чарговы раўнд перагавораў па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"Адбыліся двухбаковыя перагаворы з шэрагам членаў СГА, уключаючы краіны ЕС, Канаду і Бразілію, па выніках якіх удалося скараціць пералік няўзгодненых пытанняў па ўмовах доступу на рынкі тавараў і паслуг", - праінфармавалі ў знешнепалітычным ведамстве.
Беларускую дэлегацыю на перагаворах узначальваў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. У склад дэлегацыі ўвайшлі таксама намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір Крэч, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, сельскай гаспадаркі і харчавання, юстыцыі.
У час візіту ў Жэневу Андрэй Еўдачэнка правёў сустрэчы з намеснікам генеральнага дырэктара СГА Аланам Вулфам і старшынёй рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі - пастаянным прадстаўніком Турцыі пры СГА Кемалем Мадэнаглу. Кіраўнік беларускай дэлегацыі праінфармаваў субяседнікаў аб прымаемых урадам Беларусі мерах па развіцці шматбаковага перагаворнага працэсу па далучэнні да СГА і пацвердзіў зацікаўленасць краіны ў найхутчэйшым яго завяршэнні. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні 13-га афіцыйнага пасяджэння рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі 24 сакавіка ў Жэневе.