28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан падпішуць дакументы аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі і камунікацый. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
Плануецца, што будуць падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і ўрадам Пакістана аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі і камунікацый; пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і Пакістан Тэлевіжн Карпарэйшн; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускім тэлеграфным агенцтвам (БЕЛТА) і "Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан Карпарэйшн" (APPС). Гэта паслужыць развіццю супрацоўніцтва ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, кнігавыдання, паліграфіі, распаўсюджвання друку.
У Міністэрстве інфармацыі Беларусі дадалі, што 27 мая ў Ісламабадзе адбылася сустрэча міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч са спецыяльным прадстаўніком прэм'ер-міністра Пакістана па нацыянальным развіцці (федэральным міністрам) Ірфанам Сыдыкі. Прадстаўнік пакістанскага боку падкрэсліў важнасць актыўнага інфармацыйнага супрацоўніцтва і адзначыў, што новы ўзровень узаемаадносін дзяржаў патрабуе актыўных гуманітарных кантактаў. Супрацоўніцтва ў галіне інфармацыі і камунікацый будзе мець канкрэтны характар і тым самым унясе ўклад ва ўзаемаразуменне паміж краінамі, адзначалася на сустрэчы.
Акрамя таго, раней адбылася сустрэча міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч з кіраўніцтвам Пакістан Тэлевіжн Карпарэйшн, на якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў галіне тэлевяшчання. Бакі падкрэслілі ўзаемную зацікаўленасць у абмене праграмамі навін, культуралагічнымі. Пакістанскі бок выказаў гатоўнасць садзейнічаць папулярызацыі ў Пакістане тэлеканала "Беларусь 24".
Міністр інфармацыі таксама наведала Нацыянальную бібліятэку Пакістана і выступіла на семінары па тэме развіцця шматбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана. У падарунак бібліятэцы яна перадала фотаальбом "Рэспубліка Беларусь". Ініцыятыва беларускага боку аб адкрыцці ў Нацыянальнай бібліятэцы Пакістана беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра знайшла водгук з боку гаспадароў, адзначылі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
Работа беларускай дэлегацыі актыўна асвятляецца ў сродках масавай інфармацыі Пакістана, дадалі ў ведамстве.