30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Індыя зацікаўлены ў нарошчванні пазітыўнай дынамікі ўзаемадзеяння. Гэта было падкрэслена на сустрэчы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з паслом Індыі ў Беларусі Панкаджам Саксенам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
"Бакі выказалі зацікаўленасць у далейшым нарошчванні пазітыўнай дынамікі ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі", - расказалі ў міністэрстве.
Уладзімір Макей падзякаваў Панкаджу Саксену за важкі асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне беларуска-індыйскіх адносін у розных галінах. Ён адзначыў, што за час работы пасла ў Беларусі былі арганізаваны значныя двухбаковыя мерапрыемствы, якія сталі асновай для вывядзення супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Індыяй на якасна новы ўзровень.