19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Інданезія падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні ў галіне стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, метралогіі, акрэдытацыі і забеспячэння якасці халяльнай прадукцыі. Гэта стала адным з вынікаў сёмага пасяджэння беларуска-інданезійскай сумеснай камісіі па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве, якое прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарту.
Старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі адзначыў зацікаўленасць ва ўмацаванні супрацоўніцтва з інданезійскім бокам па пытаннях стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі, выказаў задавальненне праведзенай ужо работай па стварэнні прававога фундаменту для такога супрацоўніцтва.
Падпісаны паміж Дзяржстандартам і Нацыянальным агенцтвам па стандартызацыі Інданезіі (BSN) мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, метралогіі і акрэдытацыі прадугледжвае абмен інфармацыяй і вопытам, а таксама рэалізацыю мерапрыемстваў і праектаў у гэтых галінах. Адзначаецца зацікаўленасць у развіцці больш цеснага супрацоўніцтва паміж органамі па акрэдытацыі дзвюх дзяржаў. Беларускі бок таксама зацікаўлены ў прапрацоўцы пытання афіцыйнага распаўсюджвання нацыянальных стандартаў Інданезіі на тэрыторыі Беларусі. Гэтыя прапановы будуць прадугледжаны ў адпаведнай праграме па рэалізацыі мемарандума.
Акрамя гэтага, паміж Дзяржстандартам і Міністэрствам па справах рэлігій Інданезіі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння якасці халяльнай прадукцыі. Валянцін Татарыцкі падкрэсліў, што падпісанне гэтага дакумента пацвярджае гатоўнасць беларускага боку прадэманстраваць калегам з Інданезіі створаную ў краіне інфраструктуру якасці халяльнай прадукцыі, пацвердзіць магчымасць рэалізацыі патрабаванняў Інданезіі да халяльнай прадукцыі і правядзення неабходных працэдур ацэнкі яе адпаведнасці ў Беларусі.
Адзіны беларускі орган па сертыфікацыі прадукцыі халяль - ТАА "БелХаляль" - ужо размясціў ва ўстаноўленым парадку дакументы для рэгістрацыі ў нацыянальнай сістэме па сертыфікацыі халяльнай прадукцыі Інданезіі. Плануецца, што гэты мемарандум афіцыйна запусціць працэс яго акрэдытацыі Органам па забеспячэнні якасці халяльнай прадукцыі (BPJPH).