11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кыргызстан заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыі. Подпісы пад дакументам сёння паставілі міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і намеснік міністра культуры, інфармацыі і турызму Кыргызстана Айнура Тэмірбекава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пагадненне заключана з мэтай заахвочваць рэгулярны абмен інфармацыйнымі матэрыяламі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці абедзвюх дзяржаў, а таксама развіваць супрацоўніцтва паміж рэдакцыямі і абмен дэлегацыямі.
"Мы хацелі б насыціць пагадненне паміж міністэрствамі канкрэтнымі справамі. Перш за ўсё, гэта датычыцца таго кантэнту, які хацелася б атрымліваць аб гэтай краіне ў нас, а пра Беларусь - у Кыргызстане, каб чытачы бачылі, чым жывуць нашы дзяржавы, якія праекты рэалізуюцца. Гэта галоўная мэта пагаднення. Безумоўна, у рамках яго пройдуць прэс-туры, прадугледжаны ўдзел журналістаў Кыргызстана ў нашых мерапрыемствах, а таксама ўдзел беларускіх журналістаў у іх творчых і медыйных праектах", - адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.
У сваю чаргу Айнура Тэмірбекава падкрэсліла: даўнія дамоўленасці паміж міністэрствамі сёння нарэшце набылі заканадаўчую аснову. "Мы даўно супрацоўнічаем з Міністэрствам інфармацыі Беларусі і сёння падпісалі пагадненне, якое дае магчымасць перавесці ў практычную плоскасць усе абмеркаваныя раней мерапрыемствы. У першую чаргу нам хочацца наладзіць непасрэднае ўзаемадзеянне паміж прафесійнымі арганізацыямі - тэлерадыёарганізацыямі дзвюх краін. Так, учора была дасягнута дамоўленасць паміж Белтэлерадыёкампаніяй і нашай Грамадскай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыяй. Хочацца адзначыць высокі ўзровень ужо існуючага супрацоўніцтва паміж БЕЛТА і нашым інфармацыйным агенцтвам Кабар", - сказала яна.
Кыргызскі бок прапанаваў і новы напрамак узаемадзеяння ў сферы інфармацыі. У прыватнасці, размова ідзе аб супрацоўніцтве на ўзроўні рэгіянальнай журналістыкі. Аляксандр Карлюкевіч прапанову падтрымаў. "Сёння лік рэгіянальных выданняў у Беларусі ідзе на сотні. Хацелася б, каб еўразійская тэматыка - жыццё і дзейнасць у краінах Еўразійскай прасторы - была актуальнай для нашых масмедыя і, адпаведна, для чытачоў. Мы вырашылі, што пляцоўкай стане дадатак да газеты "Звязда" "Союз - Евразия", - удакладніў ён.
Пачатак супрацоўніцтва будзе пакладзены ў фармаце асвятлення галоўных мерапрыемстваў Беларусі і Кыргызстана. У ліку важных падзей міністр інфармацыі вылучыў II Еўрапейскія гульні. Айнура Тэмірбекава са свайго боку запрасіла беларускіх журналістаў на III Сусветныя гульні качэўнікаў, якія пройдуць у Кыргызстане 2-8 верасня на маляўнічым беразе возера Ісык-Куль.