16 верасня, Самарканд /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка ўстанавілі адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Адпаведная Сумесная дэкларацыя прынята ў Самаркандзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначаецца ў дакуменце, 15 верасня 2022 года адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ў час правядзення 22-га пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС у горадзе Самарканд (Узбекістан).
"Кіраўнікі дзяржаў правялі адкрыты і паглыблены абмен думкамі, дасягнулі ўзаемаразумення па шырокім коле пытанняў кітайска-беларускіх адносін, а таксама пытаннях міжнароднага і рэгіянальнага характару, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, - гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі. - Лідары дзвюх дзяржаў высока ацэньваюць поспехі, дасягнутыя за трыццаць гадоў развіцця адносін паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь ва ўсіх сферах узаемадзеяння".
У дакуменце адзначаны агульнае імкненне да павышэння ўзроўню двухбаковых адносін, узорнасць і вялікае значэнне беларуска-кітайскіх сувязей, зацікаўленасць у далейшым развіцці супрацоўніцтва дзвюх краін ва ўсіх галінах.