10 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Кітай дамовіліся аб буйных сумесных праектах, новых крэдытных лініях, новых схемах і механізмах міжбанкаўскага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках перагавораў са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, размова ідзе аб рэалізацыі праектаў будаўніцтва і мадэрнізацыі інфраструктуры Беларусі, стварэнні сучасных вытворчасцей з удзелам буйных кітайскіх кампаній.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, сведчаннем таго, што ў краін няма закрытых тэм, з'яўляецца супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай кааперацыі, дамоўленасць аб узаемадзеянні ў нарошчванні тавараабароту і імкненні да збалансаванасці сальда знешняга гандлю, аб стварэнні прававых, арганізацыйных умоў для пашырэння турыстычных, адукацыйных, культурных абменаў, аб запуску прамых авіязносін, аб развіцці і пашырэнні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая.
"Сёння мы падпісалі дагавор аб дружбе, які юрыдычна замацоўвае наш цяперашні высокі ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства і разам з сумеснай дэкларацыяй вызначыць асноўныя вектары развіцця двухбаковых адносін на перспектыву", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час дружалюбнай і плённай размовы бакі абмеркавалі важныя пытанні, якія датычацца двухбаковых адносін.
"Мы дамовіліся, што будзем прадаўжаць цесна супрацоўнічаць на міжнароднай арэне і актыўна падтрымліваць адзін аднаго ў пытаннях, якія закранаюць нацыянальныя інтарэсы, нацыянальную бяспеку і суверэнітэт", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзякуючы Старшыні КНР Беларусь далучылася да рэалізацыі ініцыятывы "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" і напаўнення яе канкрэтным зместам у выглядзе транспартных, лагістычных, інфраструктурных праектаў. "Канцэпцыя Старшыні Сі Цзіньпіна мае глабальнае вымярэнне і ўключае эканамічнае, інфармацыйнае, сацыяльнае і культурнае значэнне. Яе рэалізацыя дасць магчымасць устанавіць больш цесныя адносіны ў розных галінах паміж краінамі кантынента, што ў канчатковым выніку паслужыць справе ўзаемнай падтрымкі і паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Еўразіі і Еўропы", - лічыць беларускі лідар. Паводле яго слоў, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" з'яўляецца прыкладам сумеснага супрацоўніцтва дзвюх краін у рэалізацыі канцэпцыі "Пояс і Шлях" у цэнтры дзвюх інтэграцый - Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза.
"Перспектыўнае напаўненне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства будзе заснавана на нарошчванні ўзаемных прамых інвестыцый і сумесных вытворчых праектах, перш за ўсё ў высокатэхналагічных і інавацыйных галінах, што фарміруюць эканоміку будучага дзвюх краін", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.