Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

25 Ліп 2017

Беларусь і Кітай будуць супрацоўнічаць у забеспячэнні бяспекі аб'ектаў "Аднаго пояса і аднаго шляху"

25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай будуць супрацоўнічаць у забеспячэнні бяспекі аб'ектаў ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях". Гэта прадугледжана пратаколам, які падпісалі ў Мінску праваахоўнікі дзвюх краін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МУС Беларусі.

Дэлегацыя Міністэрства грамадскай бяспекі КНР на чале з начальнікам Палітбюро МГБ КНР, намеснікам генеральнага камісара паліцыі Ся Чунюанем наведала Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС. Тут адбыліся перагаворы з намеснікам міністра ўнутраных спраў Аляксандрам Кобрусевым. Бакі падпісалі шэраг важных дакументаў, у тым ліку пратакол аб супрацоўніцтве па забеспячэнні бяспекі аб'ектаў "Аднаго пояса і аднаго шляху".

Паводле слоў начальніка Палітбюро МГБ КНР, падпісаны пратакол дасць магчымасць умацаваць абмен інфармацыяй і праводзіць сумесныя расследаванні, загадзя дапамагаць адзін аднаму ва ўдакладненні неабходных звестак. Кітай займаецца ўмацаваннем бяспекі перавозкі грузаў. У гарадской акрузе Ляньюньган (правінцыя Цзянсу) двойчы праводзіўся міжнародны форум праваахоўных органаў па пытаннях бяспекі Еўразійскага транспартнага калідора. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў абодвух пасяджэннях. Кітайскі бок разлічвае на падтрымку ў рабоце над стварэннем сакратарыята форуму, які стаў важнай пляцоўкай для абмену інфармацыяй і ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння бяспекі паміж рознымі структурамі.

У час сустрэчы абмяркоўвалася таксама ахова грамадскага парадку ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". Мяркуецца, што беларускія і кітайскія праваахоўнікі будуць супрацоўнічаць у гэтым напрамку. Дэталі праекта яшчэ трэба будзе абмеркаваць дадаткова.

Акрамя таго, дэлегацыя КНР выказала зацікаўленасць ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ў сферы падрыхтоўкі кадраў. Размова, у прыватнасці, ішла аб павышэнні кваліфікацыі, абучэнні кадраў і сумесных навуковых даследаваннях. "МУС Беларусі мае станоўчы вопыт падрыхтоўкі замежных спецыялістаў па асобных напрамках службовай дзейнасці. Высокі ўзровень падрыхтоўкі забяспечваюць Акадэмія МУС і створаны на яе базе Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі, а таксама Магілёўскі інстытут МУС. Мы гатовы разгледзець магчымасць абучэння кітайскіх спецыялістаў у Беларусі, у тым ліку ўключаючы ўзаемную арганізацыю і правядзенне моўных курсаў для спецыялістаў праваахоўных органаў абодвух бакоў", - адзначыў у сувязі з гэтым Аляксандр Кобрусеў. Па выніках сустрэчы начальнік Кітайскага ўніверсітэта крымінальнай паліцыі МГБ КНР Хаа Хункуй і начальнік Акадэміі МУС Уладзімір Бачыла падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ВНУ.

Як падкрэслівалася ў час сустрэчы, беларускія і кітайскія праваахоўнікі наладзілі плённае супрацоўніцтва і маюць намер яго развіваць. У 2016 годзе ў Пекіне міліцэйскія ведамствы дзвюх краін падпісалі пратакол аб узаемадзеянні. У час візіту ў красавіку гэтага года ў Беларусь члена Дзяржаўнага савета, міністра грамадскай бяспекі КНР Го Шэнкуня ўзгоднены канкрэтныя мерапрыемствы па рэалізацыі гэтага пратакола. Яны прадугледжваюць паглыбленне практычнага ўзаемадзеяння ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, карупцыяй і незаконным абаротам наркотыкаў, процідзеянні злачынствам у кіберпрасторы і нелегальнай міграцыі, забеспячэнні правапарадку і грамадскай бяспекі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі