21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Беларусі і Нацыянальны інстытут інтэлектуальнай уласнасці Казахстана падпісалі сёння мемарандум аб узаемаразуменні. Свае подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі дзвюх арганізацый Уладзімір Рабаволаў і Ербол Аспанаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
"Мемарандум аб узаемаразуменні прадугледжвае больш цеснае супрацоўніцтва ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку абмен інфармацыяй і патэнтнай дакументацыяй, навучанне спецыялістаў і ўзаемадзеянне па лініі цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый", - расказалі ў прэс-службе.
Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) забяспечвае абарону правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, выконвае вызначаныя заканадаўствам функцыі патэнтнага органа і падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму камітэту па навуцы і тэхналогіях Беларусі.
Нацыянальны інстытут інтэлектуальнай уласнасці створаны ў адпаведнасці з пастановай урада Казахстана і з'яўляецца пераемнікам нацыянальнага патэнтнага ведамства. Інстытут падпарадкоўваецца Міністэрству юстыцыі Казахстана.