30 кастрычніка, Доха /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Катар падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. Адпаведныя дамоўленасці заключаны пасля завяршэння перагавораў кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з Эмірам Катара шэйхам Тамімам бен Хамадам аль-Тані, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У прысутнасці лідараў дзвюх краін падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя паміж профільнымі міністэрствамі Беларусі і Катара. Заключаны мемарандум аб узаемадзеянні ў галіне акадэмічнага і навуковага супрацоўніцтва паміж Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Універсітэтам Катара.
Міністэрствы фінансаў падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў фінансавых пытаннях.
Таксама заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж банкамі развіцця Беларусі і Катара.
Як раней паведамляла БЕЛТА, краіны выходзяць на новыя формы крэдытна-фінансавага ўзаемадзеяння. З падпісаннем адпаведнага мемарандума з'яўляецца магчымасць прыцягнення на выключна льготных умовах крэдытных рэсурсаў для тых праектаў, што фінансуюцца Банкам развіцця Беларусі.
У цэлым у названых дакументах прапісаны канкрэтны механізм, які дае магчымасць у далейшым выходзіць на прамыя дамоўленасці і рэалізацыю праектаў у абазначаных сферах.
"Гэта практыка, якая прынята ў Катары, - перш чым пераходзіць да практычных мерапрыемстваў супрацоўніцтва, павінны быць дасягнуты дамоўленасці на міжурадавым узроўні. Слова "мемарандум" не прадугледжвае нейкай неканкрэтнасці. Гэта такая форма, якая тут прынята", - растлумачыў напярэдадні журналістам пасол Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і Дзяржаве Катар па сумяшчальніцтве Раман Галоўчанка.